Якія вірусы віруюць у Беларусі?
1- 19.01.2023, 15:58
- 7,122
Медыкі ацанілі сітуацыю ў краіне на фоне навін аб «кракене».
Калі павярхоў меркаваць з навін, каранавірус застаўся сур'ёзнай праблемай толькі ў Кітаі, але гэта, вядома, не так. Людзі ва ўсім свеце хварэюць далей. І асаблівую ўвагу САЗ надае мутацыям віруса – цяпер шмат гавораць пра «кракен». Гэта новы варыянт усё таго ж віруса «омікрон».
Навукоўцы думаюць, што «кракен» з'явіўся пасля заражэння аднаго чалавека дзвюма рознымі лініямі «омікрону». Новы штам не адрозніваецца ад папярэдніх мутацый віруса ў тым сэнсе, што да цяжкіх захворванняў ён не прыводзіць і працякае параўнальна лёгка. Галоўнае адрозненне ў тым, што ён можа заражаць ужо тых, хто перахварэў на ранніх мутацыях «омікрону». А яшчэ вірус хутка распаўсюджваецца - дзякуючы палепшанай здольнасці звязвацца з каморкамі чалавека ды інфікаваць іх, піша onliner.by.
Знайшлі «кракен» увосень мінулага года - і цяпер ён актыўна распаўсюджваецца ў ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Даніі, Канадзе, Ізраілі і Нямеччыне.
У Беларусі выпадкаў заражэння «кракенам» пакуль не было, афіцыйна заявілі ў Міністэрстве аховы здароўя, спасылаючыся на звесткі РНПЦ эпідэміялогіі ды мікрабіялогіі.
А якія вірусы віруюць? Натуральна, нікуды не зніклі ўжо знаёмыя беларусам тыпы «омікрону», але каранавірус "на вельмі нізкай актыўнасці". Больш за ўсё мы рызыкуем цяпер падхапіць грып - на яго долю прыпадае больш за 80% заражэнняў. Самыя распаўсюджаныя тыпы грыпу - гэта А (H1N1) pdm09, вірус грыпу B і А (H3N2).
Як і заўсёды, нас выпрабоўваюць на трываласць рэспіраторныя вірусы - гэта РС-вірусы (часцей выклікаюць інфекцыі ніжніх дыхальных шляхоў), метапнэўмавірусы (выклікаюць ВРВІ, часцей у дзяцей), рынавірусы (зазвычай пашкоджваюць слізістую абалонку носа).
А цяпер вернемся да гэтага дзіўнага «кракена» - вы ж спалохаліся трохі, праўда? Калі пачняце вышукваць у сябе сімптомы віруса, самому дыягназ паставіць наўрад выйдзе. Сімптаматыка падобная да папярэдніх мутацый «омікрону», таму кропку зможа паставіць толькі лабараторная дыягностыка. І самае галоўнае: САЗ пакуль не мае падстаў ўважаць гэты падтып віруса ха больш шкодны.
Вось што адчуваюць хворыя:
боль у горле,
смаркачы,
закладзены нос,
кашаль,
галаўны боль,
боль у цягліцах і суставах,
страту смаку або паху,
стомленасць, гарачку або дрыжыкі.