Эпідэміёлаг назвала сімптомы новага штаму «амікрон-ніндзя», які прыйшоў у Беларусь
3- 24.08.2022, 12:11
- 11,696
Новую хвалю чакаюць ужо ў верасні.
Захворванне на новы субварыянт штаму каранавіруса ВА 2.75 «амікрон-ніндзя», які распаўсюдзіўся па свеце і ўжо пару тыдняў фіксуецца і ў Беларусі, падобны да звычайнай застуды, але ёсць нюансы. Аб сімптомах хваробы расказала дзяржаўным СМІ кандыдатка медыцынскіх навук, загадчыца кафедры эпідэміялогіі БДМУ Ірына Вальчук.
Са слоў медыка, выпадкі «ніндзя» ў Беларусі пакуль рэгіструюцца адзінкавыя, інфекцыя ў асноўным пераносіцца ў лёгкай форме. Яе плынь падобная да сезонных застуд, бо «ніндзя» пашкоджвае найперш менавіта верхнія дыхальныя шляхі.
Вось якія сімптомы ў новага падвіда віруса:
павышэнне тэмпературы да 38 градусаў, часам вышэй;
ламаніна ў цягліцах і суставах;
начная патлівасць;
закладзенасць носа, катар;
ахрыпласць або пяршэнне ў горле;
чханне і сухі кашаль;
зніжэнне апетыту, слабасць, галаўныя болі;
парушэнні працы страўнікава-кішэчнага тракту - млоснасць, ваніты, боль ці ўздуцце ў жываце, пякотка, дыярэя;
у нячастых выпадках - страта адчування смакаў і нюху;
у дзяцей магчымыя высыпанні на скуры.
Эпідэміёлаг адзначыла, што з пачатку жніўня захворванне на каранавірусы ў Беларусі расце, але ў верасні, з пачаткам навучальнага года, медыкі чакаюць значны ўздым хвалі, пік якой наступіць у лістападзе-снежні.
Нагадаем, штам «ніндзя» назвалі так за імклівасць яго распаўсюджвання дзякуючы здольнасці больш эфектыўна пераадольваць імунітэт. Ён таксама можа выклікаць паўторнае захворванне ва ўжо перахварэлых.