26 красавiка 2024, Пятніца, 17:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сёння новыя машыны аднаразовыя, хоць і прыгожыя»

11
«Сёння новыя машыны аднаразовыя, хоць і прыгожыя»

«Перакупшчык» з 90-х распавёў пра сваю працу.

Кожнаму аўтааматару, які купляў ці прадаваў машыну, так ці інакш даводзілася сутыкацца з «перакупшчыкамі». Звычайна яны самі выходзяць на сувязь з прапановай і не любяць свяціцца на камеру. «Кур’ер» паразмаўляў са случчанінам Мікалаем (імя змененае на просьбу героя публікацыі), «перакупшчыкам» з 90-х, які распавёў пра крымінал на дарогах, пра заробкі і пра тое, якія аўтамабілі лепш не купляць.

«Часам ледзь не бясплатна аддавалі»

Пасля распаду СССР з заходніх краін хлынуў наплыў імпартнай электратэхнікі, аўтамабіляў і іншага. Некаторыя прадпрымальныя беларусы хутка зразумелі, што на гэтым можна зарабляць. У 90-я гады для прывезеных з Польшчы ці Нямеччыны аўтамабіляў «размытнёўка» была не патрэбная, патрабавалася толькі паставіць на ўлік у ДАІ. На падаткі ішлі капейкі, і многія гэтым карысталіся.

«Я пачаў пераганяць аўтамабілі ў 1995 годзе пад замову, спачатку знаёмым, а потым астатнім. Попыт быў вялікі, - распавядае Мікалай. - Ездзіў у Польшчу, хтосьці ездзіў у Нямеччыну, але туды патрэбна была віза. Такі заробак быў вельмі выгадным, бо машыны былі танныя, часам ледзь не бясплатна аддавалі.

Палякі пераганялі машыны з Нямеччыны і прывозілі іх на стаянкі. Усе, хто з гэтай справай звязаны, ведалі, дзе яны знаходзяцца. Бывала нават так, што аўтамабілі прывозілі на чыгуначным транспарце ў кантэйнерах. Адразу пасля выгрузкі іх куплялі.

Першы аўтамабіль і крымінал на дарозе

Аўтамабілі былі розныя, пачынаючы ад савецкіх экспартных Жыгулёў і Волг і сканчаючы імпартнымі Mercedes і Volkswagen. Я ехаў за канкрэтнай маркай, пад замову. Першым прыгнаным аўтамабілем стаў Volkswagen Jetta. Калі паехаў другі раз, іх ужо не было. З пустымі рукамі назад не паедзеш, таму прыгнаў Seat Toledo.

Адзін у Польшчу ніхто не ездзіў, гэта было вельмі небяспечна. У той час можна было нарвацца на бандытаў і застацца без машыны. Мы аб'ядноўваліся па 3-5 чалавек. За ўвесь час я ў крымінал не трапляў, але пра разбоі чуў часта. Крымінальнаму бізнэсу былі цікавыя дарагія аўто, а мы куплялі танныя. Магчыма гэта нам і дапамагло.

Пра заробак

За адну паездку ў Польшчу мог зарабіць $200-300. Гэта былі вялікія грошы па тых часах. У Польшчы купляў аўтамабіль адным коштам, а ў Беларусі заказчыку прадаваў іншым. Так і нажываўся.

Так працягвалася прыкладна да 2000-х. Пасля ўвядзення падатку на растаможку аўтамабіля гэта стала невыгодна. Прыйшлося пераключыцца на ўнутраны рынак.

Слуцкія перакупшчыкі

Раней інтэрнэту не было, абвесткі пра продаж аўтамабіляў шукаў у газетах ці хадзіў на стаянку слуцкага аўтарынка. З усімі нашымі быў знаёмы. Яны дзяжурылі па 2-3 чалавекі ля ДАІ. Калі нехта здымаў з уліку машыну, то адразу прапаноўвалі свой кошт на месцы пасля агляду машыны і ўдакладнення ўсіх нюансаў. Хтосьці згаджаўся, хтосьці - не. Бывала, што прадаваліся машыны ўвогуле без зняцця з уліку ў ДАІ. На сябе машыны ніхто не афармляе - гэта лішнія выдаткі.

Каб зарабляць на перапродажы аўтамабіляў, трэба ўмець прыгожа гандлявацца. Збіць кошт у пакупніка - гэта сапраўднае майстэрства. Знаходзіш недахопы аўтамабіля і за кожны паніжаеш кошт. Вядома, кошт называецца ніжэй за рынкавы, каб перапрадаць і зарабіць».

«За ўвесь час было толькі дзве «бензінкі»

З прыходам інтэрнэту ўсё памянялася. Не трэба стаяць каля ДАІ ў пошуку цікавага варыянта. Для гэтага ёсць сайты продажу аўтамабіляў.

«Так склалася, што я купляю і прадаю толькі дызельныя аўто. За ўвесь час было толькі два бензінавых, ды і то з адным сышоў у мінус. Купіў бензінавы аўтамабіль Audi 100 у Менску за $2300 з механічным інжэктарам, але машына выявілася праблемнай: то глухне, то не заводзіцца. У Слуцку не мог знайсці патрэбнага спецыяліста, а ў Менск гнаць дорага. Цэлы год прадаваў, пакуль не падказалі перавесці на газ. Вельмі з ёй намучыўся і прадаў у выніку за $1900.

Неяк купіў біты Volkswagen Golf за $700, думаў, падрамантую і прадам. Але ніхто не хацеў брацца, а дарагі рамонт не меў сэнсу. Пакуль машына стаяла, то пачала моцна іржавець. Таму прадаў яе па запчастках і добра зарабіў. Толькі за адзін кузаў удалося адбіць укладзеныя сродкі.

Па машыны даводзілася ездзіць па ўсёй Беларусі. У Магілёве купіў Volkswagen Golf за $500, але ў ім не было счаплення. Прыгнаў машыну ў Слуцак, у гаражы паставіў счапленне, якое ў мяне было. Праз два дні прыехалі людзі ўначы і забралі машыну за $1200.

Новыя машыны аднаразовыя, хоць і прыгожыя

За ўвесь час я не фарбаваў ніводнай машыны. Заўсёды браў тую, у якой не трэба нічога рабіць, тым больш лезці ў рухавік. Толькі калі нешта па дробязі. Так працуе большасць.

Раю пакупнікам аўтамабіляў глядзець на свой кашалёк і не лезці ў крэдыты. Сёння новыя машыны аднаразовыя, хоць і прыгожыя. Браць лепш нешта ўжыванае і рамонтапрыдатнае. Не варта глядзець на свежапафарбаваныя патрыманыя машыны, бо гэта латарэя. Знайсці нешта вартае можна, але трэба папашукаць».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках