Аўстрыя адмовілася прызнаваць «Спадарожнік V»
6- 8.02.2022, 14:18
- 4,332
Прызнанне расейскага прэпарата прадаўжае вісець у паветры.
Нацыянальная рада Аўстрыі (ніжняя палата парламента) у панядзелак ухваліла пастанову міністэрства аховы здароўя аб непрызнанні расейскай вакцыны «Спадарожнік V», паведамляе РІА «Новости».
З 5 лютага ў краіне набыў моц закон аб абавязковай вакцынацыі і, акрамя адобраных у ЕЗ, прызнаюцца яшчэ пяць вакцын - тры індыйскія і дзве кітайскія.
Але «Спадарожнік V», на якім прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін разлічваў зарабіць 200 млрд даляраў, называючы прэпарат «самым эфектыўным» у свеце, не ўключаны нават у гэтую, другую групу вакцын.
Прызнанне «Спадарожніка V» у Еўропе, якога расейскія ўлады чакалі яшчэ летась, прадаўжае вісець у паветры. Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (ЕМА) пакуль не атрымала неабходную дакументацыю для сертыфікацыі вакцыны, казаў у студзені пасол ЕЗ у РФ Маркус Эдэрэр.
Дакументы патрэбны, каб паўторна правесці інспекцыі, растлумачыў ён. Інспектаваць вытворчыя пляцоўкі «Спадарожніка V» таксама трэба будзе САЗ, першы візіт спецыялістаў якой скончыўся без станоўчай пастановы: прэтэнзіі ўзніклі да Уфімскага вітаміннага завода - аднаго з месцаў, дзе вырабляецца расейская вакцына.
«Спадарожнік V» можа быць прызнаны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (САЗ), заявіла ў канцы студзеня прадстаўніца САЗ у Расеі Меліта Вуйнавіч.
«Дзесяць вакцын былі ўключаныя ў спіс прэпаратаў, рэкамендаваных для экстранага ўжывання, гэта значыць, што яны выкарыстоўваюцца ў надзвычайных сітуацыях аховы здароўя, як цяпер у пандэмію. Яшчэ шаснаццаць кандыдатаў знаходзяцца ў працэсе чакання, у тым ліку «Спадарожнік V», - сказала Вуйнавіч.