Беларусам, прышчэпленым «Спадарожнікам V» ці кітайскай Vero Cell, дазволілі атрымліваць ковід-сертыфікат ЕЗ
41- 3.02.2022, 22:10
- 34,736
Але ёсць умова.
Прадстаўнік Еўракамісіі Крысціян Віганд 3 лютага паведаміў, што Еўрапейскі ковід-сертыфікат можа выдавацца людзям, прышчэпленым не сертыфікаванымі ў ЕЗ расейскімі ці кітайскімі вакцынамі. Але ёсць нюанс.
Акрамя расейскай ці кітайскай вакцыны, чалавек павінен будзе зрабіць і адну бустэрную дозу вакцынай, дазволенай у ЕЗ, піша ТАСС.
«Сертыфікат заўсёды паказвае апошнюю зробленую дозу. Такім чынам, людзі, прышчэпленыя расейскімі ці кітайскімі вакцынамі і бустэрнай дозай усякай з вакцын, прызнаных у Еўразвязе, могуць выкарыстоўваць еўрапейскі ковід-сертыфікат, які палягчае ўезд у ЕЗ», - сказаў Віганд.
Акрамя таго, Віганд дадаў, што Еўракамісія прыняла пастанову падоўжыць дзеянне сістэмы ковід-сертыфікатаў у ЕЗ на год - да 30 чэрвеня 2023 года.
Што такое ковід-сертыфікат ЕЗ?
Лічбавы сертыфікат COVID для ЕЗ - гэта лічбавае сведчанне таго, што чалавек знаходзіцца ў адной з наступных сітуацый: быў вакцынаваны супраць COVID-19; зрабіў тэст з адмоўным вынікам; ачуняў пасля захворвання COVID-19.
У ЕЗ не раз падкрэслівалі, што сертыфікат не з'яўляецца ўмовай для паездак па Еўропе, але аблягчае іх. Іншымі словамі, калі ў чалавека ёсць такое сведчанне, гэта яшчэ не азначае, што ён можа падарожнічаць без усялякіх абмежаванняў, піша DW. Усё залежыць ад правілаў у кожнай асобна ўзятай краіне ці рэгіёне. Калі мясцовыя ўлады, напрыклад, здымаюць якія-небудзь абмежаванні для цалкам вакцынаваных жыхароў сваёй краіны, гэтыя ж правілы павінны распаўсюджвацца і на грамадзян іншых краін з сертыфікатам прышчэпкі ад каранавіруса.