«Не мы падаем статыстыку наверх, а нам яе спускаюць»: што рэальна адбываецца з каранавірусам у Беларусі
4- 10.02.2022, 15:37
- 18,142
Лекар Уладзімір Мартаў ацаніў сітуацыю.
У Беларусі з пачатку гэтага месяца лічбы колькасці заражаных каранавірусам пачалі рэзка расці.
Апошнія тры месяцы міністэрства аховы здароўя Беларусі публікавала звесткі, з якіх вынікала, што штодзённы прырост хворых быў у межах крыху больш за дзве тысячы чалавек. Такія ж лічбы былі на працягу ўсяго перыяду пандэміі. Паводле інфармацыі беларускага Міністэрства аховы здароўя, раней успышка захворвання была толькі ў канцы кастрычніка 2021 года: тады выявілі амаль чатыры тысячы новых кейсаў. Адзначым, гэта афіцыйная статыстыка.
Былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай дапамогі Уладзімір Мартаў расказаў "Настоящему времени", што рэальна адбываецца ў краіне з каранавірусам.
Уладзімір Мартаў яшчэ з пачатку пандэміі шчыра расказваў пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі. У 2021 годзе з ім не працягнулі кантракт, дагэтуль ён не можа знайсці працу.
- Афіцыйная статыстыка паказвае, што ў апошнія дні колькасць заражаных каранавірусам у Беларусі расце. Цяпер лічбы складаюць блізу пяці-сямі тысяч чалавек на дзень? Ці адрозніваецца афіцыйная статыстыка ад таго, што рэальна адбываецца ў краіне?
- Праблема ў тым, што гэтая статыстыка можа быць заяўнай, можа быць дырэктыўнай. У нас яна дырэктыўная, мякка кажучы: не мы падаем уверх статыстыку, а нам яе спускаюць, колькі мы павінны паказаць.
Гэта калі казаць у прынцыпе. А цяпер з'явілася сітуацыя, калі сапраўды адзначыўся выбухны рост колькасці хворых, гэта бачна з паліклінік, гэта бачна людзям, хаваць гэта бессэнсоўна, і таму такім жа дырэктыўным спосабам была павышаная колькасць. Ніякага дачынення да статыстыкі, да рэальных падзей гэта не мае - ніякага зусім. Таму што сціжмы знаёмых хварэюць, смаркачы - хутчэй за ўсё, у іх "омікрон" - не тэстуюцца, не звяртаюцца і гэтак далей. А тыя, хто хварэюць на ВРВІ, як яны думаюць, і раптам выпадкова робяць тэст з іншых прычын, даведаюцца, што ў іх "омікрон". Ну так гэта і выглядае. Гэта не статыстыка, гэта не мае дачынення да рэальнасці.
Колькі б мы ні падавалі [звестак], у мяне самы яркі эпізод у маім жыцці, які я апісваў і расказваў, калі ў мяне было сем памерлых за дзень, у суседняй лякарні было сем за дзень, і ў гэты ж дзень Міністэрства аховы здароўя падало, што у нас памерла сем у краіне. Гэта значыць ніякага дачынення [лічбы Міністэрства аховы здароўя не маюць да рэальнай статыстыкі] ад слова зусім.
Прычым не вельмі зразумела, каго яны супакойваюць. Людзей? Але людзі не вераць. Мусіць, самі сябе супакойваюць, вышэйшае начальства супакойваюць.
Разумееце, медыкі да гэтага ставяцца з разуменнем, што так і так, начальнікі звыклі хлусіць - ну добра. А немедыцынскае начальства можа да гэтага сур'ёзна ставіцца. Ну гэта ж не нас у лапці абуваюць.
- Што зараз адбываецца ў паліклініках і бальніцах?
- Расказваюць, паліклінікі накрыла гэтай хваляй, паліклінікі і прыёмныя аддзяленні бальніц. У саміх рэанімацыях, з маіх уяўленняў, пакуль спакойна, хутчэй за ўсё, будзе крыху ўсё ж такі напружанне і будзе такая сур'ёзная праца, але самае страшнае - гэта паліклінікі.
Але самае сумнае не гэта: самае сумнае, што адсутнічае праца санстанцый. Я вучыўся ў савецкі час, і ў нас аснова сістэмы аховы здароўя - гэта прафілактычная. І гэтага зусім няма.
Па-другое, хворым людзям ніхто не тлумачыць, як ім правільна сябе паводзіць, як правільна хварэць, што рабіць, калі выклікаць "хуткую", калі не трэба выклікаць хуткую - нічога гэтага няма. Гэта мяне ўражвае менавіта тым, што ніхто ўвогуле гэтым не ўстурбаваны, хаця людзям сапраўды не трэба бегчы ў паліклінікі, акрамя тых, каму патрэбны лісток – ніякага спецыфічнага лячэння няма. Але трэба ведаць сімптомы, калі трэба звяртацца. Пытанне з лісткамі таксама можна было развязаць, шчыра кажучы, інакш. Але ніякіх мер для зніжэння хвалі каранавіруса сапраўды не рабіцца, гэта вельмі дзіўна. Нас такому не вучылі.
- Ці ўсяго стае ў лякарнях?
- Гэтую частку я зусім не ведаю, бо я не надта напружваю сваіх калег такімі пытаннямі. Самае сумнае тое, што ў лякарнях усё менш людзей, якія гатовы заяўляць аб праблемах, якія гатовы гаварыць аб тым, што чагосьці не стае. І калі нечага будзе не ставаць, ніхто нікому не прызнаецца. Мне падаецца, што гэта вельмі сумна.
- Міністэрства аховы здароўя дазволіла не браць ПЦР-тэст на каранавірус і ставіць дыягназ без яго. Ці правільная гэта мера?
- Пастанова сама па сабе разумная, і яна можа мець добры станоўчы эфект, але тут ёсць два моманты. Першы: медыкі за ковід атрымліваюць даплаты. Ці будуць даплаты медыкам, калі чалавек не прызнаны, няма ПЦР-тэсту, гэта значыць лекар паставіў, што гэта ковід, а яму скажуць у бухгалтэрыі, што гэта не ковід? Гэта першае вар'яцтва, з якім мы сутыкнуліся год таму. Гэта ўжо было, і гэта вельмі смешна выглядала.
І другое: усё ж, разумееце, ПЦР, чалавек кажа, што ён захварэў на ВРВІ, доктар кажа, што гэта ковід на падставе сімптомаў, а сімптомы цяпер не вельмі характэрныя, могуць быць адны смаркачы, ці кашаль. Шчыра кажучы, гэта ўсё не верыфікуецца. І як да гэтага потым будуць ставіцца? Што тычыцца статыстыкі, што да ўсіх астатніх наступстваў, які шыфр будуць ставіць у лістку і гэтак далей, колькі дзён лістка будуць даваць? Таму што ВРВІ - гэта адны дні лістка непрацаздольнасці, а ковід - гэта іншыя. Я не ўяўляю, наколькі гэтая сістэма спрацуе. Гэта значыць, я дрэнна сабе ўяўляю, што яна спрацавала б як гадзіннік. Я думаю, што тут будзе вельмi шмат нюансаў.
Вы ведаеце, мы выкарыстоўвалі вельмі шмат разумных ідэй, якія бралі з досведу свету. Але сапсутая сістэма не можа зрабіць гэта ўсё гэтак жа добра. Вельмі сумна глядзець на гэта ўсё.
Вы ведаеце, у мяне ўжо недзе пасля звальнення быў час падумаць. Я паглядзеў на працу сістэмы, дзве хвалі я бачыў сам, пра трэцюю і чацвёртую я чуў ад калег. Калі не працуе сістэма, людзі павінны ўключаць уласныя мазгі. Хочуць – носяць маскі, нават калі ім забараняюць, напрыклад, ці не рэкамендуюць, хочуць – вакцынуюцца, нават калі гэта ўжо перастае, так бы мовіць, прапагандавацца. Паважаныя суграмадзяне, жыхары планеты Зямля, думайце пра сябе і знаходзіце варыянты, пры якіх захварэе і памрэ менш людзей, гэта асноўная задача.