19 красавiка 2024, Пятніца, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны санітарны лекар Менска: Хто ўклаў у вусны кіраўніцтву Міністэрства аховы здароўя гэтыя вар'яцкія заявы?

52
Галоўны санітарны лекар Менска: Хто ўклаў у вусны кіраўніцтву Міністэрства аховы здароўя гэтыя вар'яцкія заявы?

У прафесійных медыкаў узнікае жаданне кінуць усё і разысціся.

Былы галоўны дзяржаўны санітарны лекар горада Менска і Менскага раёна Іван Вайтовіч у інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў меркаванне, што імклівы рост захворвання «омікронам» паказаў, што ў Беларусі пачаўся крызіс у сферы прафілактыкі захворванняў:

- У звычайных грамадзян, на жаль, распаўсюджаны недавер да той інфармацыі, якую яны атрымліваюць з афіцыйных крыніц. Гэты недавер звязаны з тым, што асабісты досвед, асабістыя назіранні, адрозніваюцца ад карціны, якую публікуюць афіцыйна.

Напрыклад, на мінулым тыдні, на фоне чэргаў у паліклініках, асобных заяў службовых асоб аб імклівым распаўсюджванні "омікрона", а таксама ўздыме COVID-19 за кошт "омікрона" ў структуры захворвання ў Расеі, Міністэрствам аховы здароўя Беларусі публікаваліся звесткі аб нязменным узроўні захворвання.

Прызнаюся, я вельмі ўстурбаваны тым, што адбываецца. Тое, што я бачу, інакш як крызісам кіравання прафілактыкай хвароб не назавеш.

Гэтую думку падзяляюць некаторыя з маіх былых калег, мяне непакоіць той факт, што прафілактыка ў Беларусі абясцэненая з пункту гледжання выбару прыярытэтаў дзейнасці аховы здароўя ў прынцыпе. Я бачу, што прафілактыка, мякка кажучы, знаходзіцца на другім плане. Цяпер баланс зрушаны на лячэнне хваробы, а не на яе папярэджанне. Гэта гучыць і паўтараецца, а меры прафілактыкі не тое, што не праводзяцца, а часам высмейваюцца.

Словы, што "не трэба крыўдзіць людзей праз дробязі", вы памятаеце, да чаго прывялі. Знялі папярэджанні аб масачным рэжыме, а міліцыя спыніла кантроль за самаізаляцыяй хворых і кантактаў. У выніку была нанесеная шкода адказным паводзінам людзей і, адпаведна, з'явіліся і рэалізаваліся пагрозы свабоднага распаўсюджвання інфекцыі.

- Наколькі моцная шкода наносіцца адмовай ад ізаляцыі тых, хто прыязджае ў краіну?

- Змяшчэнне людзей, якія прыбываюць у краіну, у рэжым самаізаляцыі - гэта разумная грамадская мера, але і яна таксама падлягае кантролю. Цяпер жа дзяржава, як мы бачым, адмовілася ад кантролю ў сферы прафілактычных мер у дачыненні да каранавіруснай інфекцыі.

Кожны чалавек, нават не з медыцыны, пагодзіцца з тым, што лепш папярэдзіць хваробу, а не лячыць яе. Лепш не дапусціць праблему, чым потым несці страты, марнаваць сілы, каб яе развязаць. Гэты прынцып ёсць ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Дзяржава павінна займацца прафілактыкай.

Гэта не сведчыць аб тым, што ахове здароўя менш важна лячыць. Не, я кажу, што прафілактыка роўная па значнасці, гэта адзін з падмуркаў аховы здароўя.

Канешне, гэта не толькі кампетэнцыя органаў і ўстаноў аховы здароўя.

Міністэрства аховы здароўя, асабліва санітарна-эпідэміялагічная служба, мусяць распрацаваць меры прафілактыкі, якія абавязковыя да рэалізацыі ўсімі ўдзельнікамі дзяржаўнага кіравання, у меру павагі да свабод і правоў чалавека, абавязковыя да выканання грамадзянамі краіны і арганізацыямі.

- Што ж рабіць у такім выпадку беларусам?

- Дзякуй за пытанне, вельмі важна кожнаму беларусу разумець, як ён можа абараніць сябе і сваіх блізкіх.

Можна вылучыць два ўзроўні прафілактыкі хвароб: індывідуальны і грамадскі. Асабісты мае на ўвазе дзеянні, якія чалавек сам можа распачаць, каб не хварэць.

Гэта здаровая лад жыцця: умацаваць імунную сістэму дапаможа рэжым дня, рухальная актыўнасць, правільнае харчаванне, збалансаванае і багатае вітамінамі, шклянка вады раніцай нашча, адмова ад шкодных звычак, выкананне вызначаных правіл, напрыклад, часта мыць рукі і насіць маску ў месцах, дзе ёсць блізкі кантакт з іншымі людзьмі. Таксама кожны чалавек сам прымае пастанову - вакцынавацца ці не.

Вакцынацыя - гэта важны элемент прафілактыкі. Гаворка ідзе аб кіраванні захворваннем на ўзроўні папуляцыі, на грамадскім узроўні. Чалавек мае права пагадзіцца на вакцынацыю ці не пагадзіцца. Але медыкі, прафілактыкі павінны пераканаць чалавека ў тым, што гэта зрабіць важна, што гэта дапаможа яму папярэдзіць цяжкія ўскладненні і ў прынцыпе выключыць хваробу.

На грамадскім узроўні дзяржава кіруе эпідэмічным працэсам, у стане зменшыць яго інтэнсіўнасць.

Што дзяржава можа зрабіць?

Напрыклад, увесці абавязковае да выканання правіла нашэння масак у грамадскім транспарце, і іншых месцах агульнага карыстання, таксама забяспечыць кантроль выканання гэтай меры.

Дзяржава можа ўвесці сацыяльнае дыстанцыяванне. Напрыклад, цяпер «омікрон» увайшоў у пэўную сацыяльна-ўзроставую групу - захворваннем каранавіруснай інфекцыяй ахоплены дзеці. Такім чынам, трэба было спыніць навучальны працэс у школах, перавесці на дыстанцыйнае навучанне. Гэтая мера дапамагла б моцна зменшыць хуткасць распаўсюджвання інфекцыі.

Але міністэрства адукацыі і міністэрства аховы здароўя не прынялі гэтых мер, хоць і ведалі, што гэта магло даць вынік.

- Чаму ж яны гэтага дагэтуль не зрабілі?

- Магчыма, яны не маюць патрэбных сродкаў для таго, каб арганізаваць дыстанцыйнае навучанне. Ці гэта нежаданне прызнаць праблему, ці «высокая ўстаноўка» «лячыць і не лезці не ў сваю справу»... Магчыма усё разам узятае.

Напэўна, ёсць пэўная тэхнічная праблема. Але гэта ўся справа выпашальная. Задача не такая складаная, як можа падацца. Мы жывём у такі час, што амаль у кожнай хаце ёсць кампутар. Можна знайсці сродкі. Гэта варта таго, каб паварушыцца, пераканаць, распрацаваць адпаведную праграму. Тым больш, што эфект будзе ў здароўі не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, бабуль і дзядуль.

Ведаю, што ідэі перайсці на дыстанцыйнае навучанне былі ў міністэрстве адукацыі. Яны былі за паўкрока ад увядзення дыстанцыйнага навучання. Але спыніліся з нейкай прычыны. А чаму? Можна толькі меркаваць.

- Можа, прычына - гэта Лукашэнка, які сёння прапануе кожнаму беларусу перахварэць на «омікрон»?

- Так, мы былі сведкамі шматлікіх небяспечных заяў, у тым ліку пра тое, як папярэдзіць і лячыць каранавірусную інфекцыю. Таму я і гавару пра крызіс прафілактыкі.

Не трэба чакаць ад неспецыяліста добрых прапаноў у галіне вірусалогіі, анкалогіі ды іншае. Толькі разумны кіраўнік робіць пастановы на высновах і мерах, якія яму прыносяць адмыслоўцы. Іншае злачынна, бо ў выпадку абароны людзей ад хвароб, гаворка ідзе пра жыццё і смерць. Такім чынам, некампетэнтны ў пытаннях вірусалогіі кіраўнік абавязаны ўвасобіць прафілактычныя меры.

І вось тут, узнікае пытанне: гэта сістэма аховы здароўя ўклала ў вусны свайму кіраўніку вар'яцкія заявы? Што гэта гаворыць аб кампетэнтнасці ўсёй сістэмы аховы здароўя? Ці ахову здароўя не слухаюць?

Як так атрымліваецца, што ў нашай краіне патрабуюць ад кіраўнікоў і спецыялістаў санітарна-эпідэміялагічнай службы не выконваць навукова апраўданыя, прызнаныя ва ўсім свеце, дзейсныя меры прафілактыкі?

Калі так, то я б у такім выпадку сказаў: калегі, разыходзімся. Вы рэальна непатрэбныя, калі вы сваю кампетэнцыю, свае веды, сусветны досвед, надумалі пахаваць і падпарадкаваць нейкаму меркаванню, якое не кампетэнтнае і не нясе карысці людзям. Тады лепш разысціся. Навошта працаваць у санэпідслужбе, калі вашыя веды, ваш досвед, вашы напрацоўкі, ваш залаты час вы марнуеце на тое, каб пагадзіцца з тым, што маскі не абавязкова насіць, не трэба кантраляваць рэжым ізаляцыі, не патрэбная вакцынацыя? Калі ўсё так - то мы «прыплылі», няма санэпідслужбы, а ў аховы здароўя няма прафілактыкі.

Значыць, парадыгма змянілася, значыць у вас лепш захварэць і лячыць, чым папярэдзіць хваробу. І гэта абуральна.

Вельмі спадзяюся дастукацца да калег, што яны знойдуць усярэдзіне стрыжань, і стануць смелымі і настойлівымі, грунтуючыся на сваіх ведах і досведзе, насуперак інстынкту самазахавання пасады, з усіх месцаў, няхай гэта будзе ў раённым выканкаме ці больш высокіх кабінетах, абгрунтуюць і будуць намагаць на тым, што зараз дапамагло б беларусам:

і дыстанцыйнае навучанне школьнікаў;

і абавязковыя меры масачнага рэжыму ў грамадскіх месцах;

і жорсткі кантроль рэжыму самаізаляцыі людзей з устаноўленым дыягназам каранавіруснай інфекцыі;

і вакцынацыі з выкарыстаннем у т.л. заходніх, даступных бясплатных вакцын.

Усё гэта – бясспрэчныя і жывыя меры, якія скарэктуюць цяпер эпідсітуацыю, будуць сапраўднай праявай клопату пра жыццё і здароўе людзей.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках