Міністэрства аховы здароўя прызнала правал у распрацоўцы «беларускай вакцыны» ад COVID-19
21- 11.12.2022, 11:53
- 9,720
Яна не будзе запатрабаваная.
У 2023 годзе ў Беларусі выпусцяць айчынную вакцыну ад каранавіруса, але патрэбнасць у ёй ужо невялікая. Пра гэта распавёў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у эфіры прапагандысцкага канала БТ.
На прадпрыемстве «БелВітуніфарм» пачынаецца вытворчасць доследна-прамысловай партыі айчыннай вакцыны ад COVID-19.
- Яна выйдзе ў студзені. У поўнай меры гэты прэпарат павінен прайсці ўсе тыпы кантролю, - заявіў Дзмітрый Піневіч. - Налета вакцына будзе выпушчана ў абарачэнне. Іншае пытанне (я ў гэтым практычна ўпэўнены) - як такая вакцына супраць ковіднай інфекцыі яна ўжо не будзе запатрабаваная напоўніцу.
Гэта пытанне стаяла яшчэ ў пачатку запуску праекта, адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя, але ўдакладніў, што важна было стварыць сваю вакцыну як індыкатар нацыянальнай бяспекі. Акрамя таго «важна стварыць платформу, якая зможа ствараць вакцыны супраць грыпу, іншых відаў узбуджальнікаў», мяркуе Дзмітрый Піневіч.
У першую чаргу патрэбнасць ва ўласнай вакцыне ўпала ў сувязі з тым, што ў Беларусі сфармаваная імунная праслойка, цяпер 72% насельніцтва краіны прышчэпленыя ад каранавіруса.
Нагадаем, пачаць «у найкарацейшыя тэрміны» выпускаць уласную вакцыну ад COVID-19 патрабаваў Лукашэнка, называючы гэта «справай гонару Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук». З яго ацэнак, гэта павінна была быць «вытворчасць з экспартным патэнцыялам на сотні мільёнаў даляраў».