27 красавiка 2024, Субота, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Ёсць тры чалавекі, якія адразу могуць стаць прэзідэнтамі Беларусі

41
Зміцер Бандарэнка: Ёсць тры чалавекі, якія адразу могуць стаць прэзідэнтамі Беларусі

Сітуацыя ў Беларусі кардынальна зменіцца цягам года.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка ў інтэрв'ю праграме Studio X97 распавёў пра сцэнары развіцця сітуацыі ў Беларусі і Украіне, выказаў меркаванне, хто можа ліквідаваць узурпатара Лукашэнку, і назваў трох кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, за якіх будзе не сорамна. Вядоўца - Яўген Клімакін.

Падпісвайцеся на Youtube канал «Хартыі-97» - charter97video. Падзяліцеся відэа з сябрамі. Стаўце лайкі і пішыце каментары.

- Герой сённяшняй праграмы Studio X97 Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Зміцер, для некаторых пытанне: ці ўвядзе Лукашэнка афіцыйна беларускія войскі на тэрыторыю Украіны ці не? Частка людзей думае, што гэта ўвогуле не пытанне, гэта толькі пытанне часу. Настолькі моцна беларускі дыктатар знаходзіцца пад Пуціным, пад расейскім рэжымам, што ён сам нічога не вызначае. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

- Я думаю, што тут не пытанне, ці будзе Лукашэнка прымаць пастанову, бо не ён будзе прымаць пастанову. Калі глядзець з пункту гледжання пагроз Украіне, то новае ўварванне з вялікай дзеллю імавернасці будзе з тэрыторыі Беларусі, але гэта будуць расейскія войскі.

Я, напрыклад, аматар кніг Віктара Суворава - гэта чалавек, які прымусіў па-іншаму зірнуць на гісторыю Другой сусветнай вайны. Першая яго кніга «Ледакол», а другая «Дзень М», і ён кажа, што вайна - гэта заўсёды мабілізацыя. Прыхаваная, потым відавочная, але мабілізацыйны патэнцыял Расеі несумненна большы.

- Людзей у іх шмат. Бабы нараджаюць новых.

- Проста стартавыя пазіцыі іншыя. Там 140 мільёнаў і 9 мільёнаў беларусаў. Таму, нават калі б і хацела Беларусь мабілізаваць, то гэта зусім іншыя лічбы. А Расея, я думаю, цягам года зможа мабілізаваць 2-3 мільёны чалавек. Гавораць, што там няма тэхнікі, але яны будуць выпускаць тэхніку, на жаль. Таму беларускія войскі будуць выконваць дапаможную ролю і абсалютна не важна: перасякуць яны мяжу ці не перасякуць.

- Навошта Лукашэнку цяпер гэтая прыхаваная мабілізацыя?

- Ідзе ціск Пуціна. Лукашэнка эканамічна цалкам залежыць зараз ад расейскіх грошай, таму ў яго ўжо няма ніякага поля для манэўру і таму ён выконвае загады з Масквы. Але, ведаючы рэальную сітуацыю, настроі беларускага народа, настроі ў войску, ён разумее, што гэта можа прывесці да сумных наступстваў і яго могуць «выпадкова» забіць ці паўсталыя беларусы, ці пуцінцы. І ён апынуўся сёння ўжо ў сітуацыі не проста нейкага гандлю, а ўжо выжывання. Таму што куды ні кінь - усюды клін.

- Зміцер, я б хацеў, каб наша праграма насіла не столькі вайскова-паліталагічны характар, каб нейкія канкрэтныя, вельмі зразумелыя рэчы гучалі. На ваш погляд, калі казаць пра гэтую канкрэтную плоскасць, што канкрэтна беларусы зараз могуць рабіць і павінны рабіць у сітуацыі, калі вайна?

- Людзі, якія з'яўляюцца патрыётамі Беларусі павінны разумець, што вайна прыйшла і на нашу зямлю. З 24 лютага Беларусь фактычна знаходзіцца ў іншай сітуацыі. І калі ўкраінскія патрыёты і ўкраінскія ўлады абараняюць незалежнасць сваёй краіны, і калі мы думаем, што ў нас ёсць свая радзіма, ёсць свая дзяржава, то мы павінны думаць, у першую чаргу, як яе абараняць. І, натуральна, лёс Беларусі шмат у чым вырашаецца ва Украіне.

Для найбольш патрыятычна настроеных грамадзян Беларусі я б, вядома, казаў пра тое, што трэба дапамагаць Украіне, прычым самымі рознымі спосабамі, у тым ліку, уступаючы ў шэрагі асноўнага беларускага падраздзялення, якое ваюе ў складзе УСУ - полк Каліноўскага. Сёння гаворка ідзе ўжо аб тым, каб полк ператварыўся спачатку ў паўнавартасную брыгаду, а, можа быць, нават і шырэй. Бо тут і дапамога Украіне ў ваенным плане, і падрыхтоўка да вызвалення Беларусі.

Людзям наборнага ўзросту я б раіў уцякаць, выязджаць з Беларусі ўсялякім шляхам. Дарэчы, цікава мне казалі сябры з палка Каліноўскага, што ў іх былі апошнія добраахвотнікі, якія прыехалі з Беларусі, бо на сямейнай радзе ім сказалі: «Хлопцы, мы не хочам, каб вы служылі ў беларускім акупацыйным войску і ваявалі на баку Расеі. Выязджайце і едзьце ў полк Каліноўскага».

Трэба дапамагаць усяляк. Дапамагаць Украіне. Дапамагаць адно аднаму. І быць у гатоўнасці вярнуцца ў Беларусь. Таму што сітуацыя мяняецца вельмі хутка. Я ўлетку думаў, што сітуацыя стабілізавалася надоўга, што будзе доўгачасовая вайна, а тут - неверагодныя поспехі ўкраінскага войска, яны змяняюць сітуацыю вельмі хутка. Вызвалены вялізныя тэрыторыі. І сёння, калі карта ляжа так для Украіны, што будзе вызвалены Херсон, то будзе зусім іншая сітуацыя. Можа нам трэба будзе вяртацца ў Беларусь з розных бакоў: з Украіны, з Польшчы, з Літвы, з Латвіі. Нам – гэта дзясяткам, сотням тысяч беларусаў , якія з'ехалі.

- Вы ўспомнілі пра каліноўцаў. Як вам гэтая ідэя, якая ў апошнія дні, тыдні гучыць у партыі Зяленскага «Слуга народа»? Мы ўсе бачым, што яны дыстанцуюцца ад Святланы Ціханоўскай, не жадаюць ніякіх перамоў. Але з'явіліся ідэі аб тым, каб менавіта на базе палка Каліноўскага ствараць нейкую палітычную надбудову, якая і была б голасам свабоднай Беларусі, з якой можна было б весці перамовы і будаваць будучыню.

- Я даўно казаў, што беларусам трэба аб'ядноўвацца вакол дзвюх сіл і сімвалаў: людзей, якія знаходзяцца ў турмах, якія пачыналі рэвалюцыю. І нельга казаць: яны ж у турмах сядзяць, што можна зрабіць. Мы ведаем, што Нэльсан Мандэла сядзеў у турме, але ён быў вялізным чыннікам у палітыцы, Вацлаў Гавел сядзеў у турме доўгі час. Шмат якія лідары польскай «Салідарнасці» сядзелі ў турмах, і патрабаванні іх вызвалення і санкцыі з боку Захаду змянілі сітуацыю ў Польшчы.

- Па-іншаму можна сказаць: хто не сядзеў з тых, хто меў рэальную вагу?

- Так. Лідары сядзелі ў турмах і гэта быў «залаты фонд» будучай польскай нацыянальнай эліты.

Другая сіла - гэта, безумоўна, полк Каліноўскага, таму што там на чале стаяць людзі, якія яшчэ ўдзельнічалі ў барацьбе Украіны за сваю незалежнасць не толькі з 2014 года, а многія прыязджалі ва Украіну яшчэ на першы Майдан і таксама даказвалі, што яны смелыя людзі. У мяне даверу да гэтых хлопцаў, мужчын, герояў з палка Каліноўскага значна больш, чым да гэтых дзіўных асоб, якія сабраліся вакол Ціханоўскай.

І асабліва, уявіце, мае таварышы сядзяць у турмах, я сам сядзеў у турмах і быў у Супраціве шмат гадоў, а сёння мне кажуць, што вось гэтая дзяўчына, якая любіць падарожнічаць, павінна быць вашым лідарам, вы павінны ёй падпарадкоўвацца. І яна прызначыла сілавы «пераходны ўрад», дзе адзін – былы гестапавец, 10 гадоў працаваў у ГУБАЗіку, я пра Азарава кажу. Чалавек не пакаяўся, не папрасіў прабачэння ў беларусаў. Гэта наш «правадыр» новы! Ці Латушка, які 26 гадоў быў чыноўнікам, а зараз хуценька перафарбаваўся і шчокі раздзімае, што ён «лідар». Іншыя тамака персанажы абсалютна незразумелыя. Нам кажуць, што гэта «правадыры».

Не, сёння людзі даказваюць са зброяй у руках, што яны паслядоўныя ў сваіх прынцыпах, што яны гатовы рызыкаваць. Я ведаю, што ў баявых дзеяннях у палку Каліноўскага ўдзельнічаюць добраахвотнікі. Такая сістэма: калі чалавек не гатовы чамусьці, то яго не будуць адпраўляць на перадавую. Яны - добраахвотнікі, і яны разумеюць, што трэба дапамагчы Украіне выстаяць і потым ужо вызваляць Беларусь. І там дастаткова людзей, якія маюць палітычны досвед, некалькі чалавек былі ў руху «Зубр». Там ёсць прадстаўнікі розных падраздзяленняў з партыі Міколы Статкевіча «Народная грамада», ёсць з Беларускага Народнага Фронту, ёсць перакананыя анархісты, гэта значыць людзі ідэйныя, ёсць людзі з арганізацыі «Край», якая была вайсковай спартыўнай патрыятычнай арганізацыяй у пачатку 2000-х. гадоў.

Я думаю, гэтым людзям можна давяраць і ім сёння трэба таксама думаць не толькі аб стварэнні вайсковай сілы, а аб тым, што на іх спадзяюцца мільёны беларусаў, яны павінны звяртацца да грамадзян Беларусі з канкрэтнымі ідэямі і, я думаю, іх пачуюць.

- Прагучала прозвішча Мікалая Статкевіча. У агляднай будучыні ёсць шанец вызваліць палітвязняў?

- Калі не будзе ядзернай вайны, то лёс рэжыму Лукашэнкі вызначыцца максімум на працягу года, гэта з аднаго боку. З іншага боку, вы заўважылі, Захад прымае комплексныя санкцыі супраць Расеі, але апошнія пакеты санкцый не прымяняліся супраць беларускага рэжыму. Для мяне гэта загадка. І я ўпэўнены, што могуць быць ужытыя такія санкцыі, што рушыць услед вызваленне палітвязняў, бо нават Расея дасць на гэта дабро. Бо яна не ў стане кампенсаваць тыя вялізныя страты, які рэжым Лукашэнкі ўжо нясе. І праз санкцыі, і праз тое, што ён стаў ворагам Украіны, на якой доўгі час зарабляў. Гэтыя сувязі перарваліся і гэта вялізная шкода для беларускай эканомікі.

Таму могуць быць дзеянні з боку Захаду, якія прывядуць да таго, што частка палітвязняў будзе вызваленая. Я не выключаю нават такой сітуацыі, што Лукашэнка для таго, каб ратаваць сваё жыццё з-за пагрозы ў Расеі, можа пайсці на вызваленне палітвязняў і нават на самыя дзікія альянсы. Ну, ці людзі з ягонага асяроддзя, скажам, калі Лукашэнкі можа не стаць. Бо вельмі дынамічная сітуацыя ў Беларусі. Іх меры ваеннага, мабілізацыйнага плана - гэта проста спроба схаваць свой страх. Не схаваць, ён адкрыта бачны, а замаскаваць нейкім чынам, нейкія дзеянні рабіць. Але кожны іх крок — рэальны цугцванг, і ён становіцца для беларускіх уладаў і беларускага дыктатара ўсё страшнейшым і страшнейшым.

- Я гляджу, вы ў футболцы «Зубра» прыйшлі. Шкада, мусіць, што арганізацыі няма ўжо?

- Я ведаю, што яна жыве ў душах людзей, і вельмі шмат яе лідараў і актывістаў адыгрываюць і сёння ролю ў лёсе Беларусі. Восем чалавек, «зуброў», сёння ваююць ва Украіне. Наогул брэнд такі моцны, прыгожы: калі выбіраць - бусел ці зубр, я заўсёды выбіраў зубра. Так, гэты час, за які не сорамна, і адзін з маіх лепшых жыццёвых праектаў. Я вельмі рады, што шмат годных людзей прайшлі праз «Зубр» і заявілі пра сябе потым у жыцці.

- Рэжым абвясціў рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Якія могуць быць наступствы ў далейшай перспектыве?

- Гэта праява страху Лукашэнкі і яго паслугачоў у Беларусі, з аднаго боку. З іншага боку, недаацэньваць гэты крок нельга, бо мы ведаем, што Пуцін называе сваю агрэсію нейкай «спецаперацыяй». Гэта сур'ёзная змена ў жыцці беларусаў, як мінімум.

- Не так даўно сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Данілаў сказаў, што гэта толькі пытанне, калі чачэнцы паўстануць у Расеі. Як вы ставіцеся да гэтага выказвання, ці сапраўды вы думаеце, што гэта рэальны сцэнар?

- На жаль, такія сволачы як Лукашэнка, як Кадыраў, робяць усё, каб развязаць грамадзянскую вайну. У Чачэніі яна была ў гарачых формах, у Беларусі, у асноўным, у халодных. Але, я думаю, прыклад Украіны ў рэшце стане прыкладам для многіх народаў постсавецкай прасторы, і Расея - частка гэтай постсавецкай прасторы. Многія спецыялісты гавораць, што зараз мы назіраем акурат-такі заканчэнне распаду СССР, толькі на тэрыторыі Расеі. І, мне здаецца, многія народы яшчэ падымуць свой голас, скажуць сваё слова і стануць свабоднымі. Так, усе баяцца ядзернай зброі Расеі, але мне здаецца…

- ...Вы баіцеся гэтага?

- Я пакуль баюся выкарыстання ядзернай зброі Крамлём. Кажу, бо Захад баіцца, што рабіць з гэтай ядзернай зброяй, калі Расея будзе распадацца. Але, мне здаецца, людзі жадаюць жыць і ёсць Бог, і ёсць сілы Зямлі, якія не дапусцяць апакаліптычнага сцэнару ні цяпер, ні потым.

- Думка папулярная - распад Савецкага саюза, але кажуць і аб распадзе Расейскай Федэрацыі з прычыны вайны. Якія магчымыя сцэнары распаду Расеі?

- Колькасць «цынкавых хлопчыкаў», пра якіх пісала яшчэ нашая Нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, якія прыедуць, на жаль, да сем'яў у такім выглядзе, будзе, вядома, уплываць. Таму што страты, напраўду, вялізныя. Сапраўды, мы чуем, што расейцы нават не жадаюць забіраць целы сваіх загінулых, найперш, для таго, каб не выклікаць гэтую паніку. Але для шматнацыянальнай Расеі гэтыя «цынкавыя хлопчыкі» могуць стаць запалам для гранаты. Калі 10 мільённы Афганістан супраціўляўся і змог разваліць Савецкі звяз, то велізарная Украіна…

Я не згодны, калі кажуць «маленькая Украіна супраць вялікай Расеі». Напраўду гэта самагубства Пуціна, што ён пайшоў на ўкраінцаў. Таму што ўкраінцы ў Савецкім войску былі найлепшымі салдатамі, найлепшымі афіцэрамі, не кажу ўжо пра тое, што найлепшымі сяржантамі.

Непазбежны сцэнар, калі рэжым Пуціна абрынецца і, напэўна, Расейская Федэрацыя будзе існаваць, можа быць, як краіны Брытанскай садружнасці, калі ў іх будзе досыць мазгоў.

- Ідэальны для вас прэзідэнт Беларусі, хто гэта?

- Я думаю, што прэзідэнт як інстытут павінен застацца ў Беларусі. Спачатку, магчыма, яшчэ мець больш правоў, потым ён павінен быць больш прадстаўнічай фігурай. Але я бачу, што гэта можа быць і Алесь Бяляцкі, можа быць прэзідэнтам і Мікола Статкевіч, можа быць прэзідэнтам і Андрэй Саннікаў. Але гэта з тых фігур, якія гатовы сёння стаць прэзідэнтамі, на мой погляд, і за якіх будзе не сорамна.

- Беларускі рэжым пераходзіць ужо да настолькі дзікіх рэчаў, што робіць замах і на рэчы, якія святыя для многіх людзей. Напрыклад, захоп Чырвонага касцёла. Як далёка яны могуць яшчэ зайсці?

- Я каталік і парафіянін Чырвонага касцёла. Я добра ведаю пробашча касцёла Завальнюка. І я скажу, што гэта цэнтр «беларушчыны», і ён заўсёды такім цэнтрам быў, цэнтрам культурнага жыцця, бо там быў і грамадскі тэатр, у Ніжнім касцёле нават арганізацыя ананімных алкаголікаў, дзе збіраліся людзі і шмат хто кінуў піць, кінуў свае благія звычкі, з змог адкараскацца ад наркаманіі, у тым ліку, дзякуючы людзям, якія працавалі ў гэтым касцёле. І тут праява такога сатанізму, таму што для іх гэты касцёл, як косць у горле.

Чырвоны касцёл неаднаразова спрабавалі знішчыць. У 1994 годзе прымалася пастанова аб яго знішчэнні, але ў 1990-х гадах яго абаранілі вернікі, якія кожны дзень прыходзілі за яго маліцца. Але, я думаю, лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а Чырвоны касцёл будзе.

- Перажыве і гэтую чуму.

- Так, вядома.

- Як дэакупаваць Беларусь у сённяшніх рэаліях?

- Вельмі шмат недапрацаваў Захад у сітуацыі і не дапрацавала ўкраінскае кіраўніцтва самых розных адценняў. Бо мы казалі, што калі Захад не можа развязаць праблему дыктатара Лукашэнкі, значыць, больш сур'ёзную праблему ён таксама не зможа развяазць. І мы бачылі, што Пуцін вучыўся ў Лукашэнкі дыктатарскім прыёмчыкам і ўвогуле пабудове ўсёй гэтай «вертыкалі», а не наадварот.

Мы шмат ездзілі, напрыклад, пасля 2014 года ва Украіну і казалі, што існуе вялізная небяспека, «паўночны балкон» можа ўпасці на Кіеў, калі не рабіць ніякіх дзеянняў. Мы прасілі адкрыць FM-станцыі на мяжы з Беларуссю, каб можна было на частку жыхароў вяшчаць, прычым проста расказваць пра ўкраінскае жыццё. Быў шматгадовы ўстойлівы гандаль і ў Юшчанкі, і ў Цімашэнкі, і ў Януковіча. Дарэчы, найбольш праблемаў Лукашэнка меў з Януковічам.

Цяпер сітуацыя іншая, украінскае кіраўніцтва нарэшце вучыцца, прычым не проста вучыцца, а перамагае. Палітычнае і вайсковае кіраўніцтва. Так, усе здзіўленыя тым, што Украіна змагла выстаяць, што Украіна перамагае, што Украіна нішчыць гэтую арду акупантаў, агрэсараў. Але ў Беларусі Расея задзейнічала свой правы фланг, для Украіны - гэта левы сцяг. А Украіна доўгі час меркавала, што «мы ў дамку». Ідзе канцэнтрацыя сіл, а «мы ў дамку», таму што «міністр абароны Беларусі нам паабяцаў», таму што «Лукашэнка нам паабяцаў, што не нападзе».

Выстаяў Кіеў цудам, крывёй, наогул страшнымі стратамі і ясна было: расейцы зноў увойдуць. Калі Украіна і Захад нічога не робяць у дачыненні да Беларусі, то гэта адбудзецца і другім, і трэцім разам. Трэба разумець гэта і звяртаць вялікую ўвагу. Можа быць, як адзін з выхадаў, трэба рэальна стварыць беларускае магутнае падраздзяленне, рэальную вайсковую брыгаду і каб хлопцы-беларусы былі сканцэнтраваныя на поўначы Украіны. Тады частка ўкраінскіх салдат можа быць перакінутая на поўдзень, а беларусы будуць закрываць адцінак мяжы і рыхтавацца ў выпадку чаго вярнуцца на радзіму.

- Мы задавалі пытанне каліноўцам. Вы зараз ваюеце з расейскімі акупантамі, а калі Лукашэнка вымусіць беларусаў перасекчы мяжу, што тады, ці будзеце страляць? Каліноўцы казалі адназначна: беларусы яны ці не беларусы - гэта злачынцы, людзі якія прыйдуць на чужую зямлю і мы будзем вымушаныя ліквідаваць гэтыя цэлі.

- Але з іншага боку, зноў жа ў размовах, нашы хлопцы спадзяюцца, што ім лягчэй будзе дамаўляцца аб той жа здачы ў палон. Гэтыя сагнаныя мабілізаваныя ці проста тэрмінавікі, асабліва, калі яны ўдзельнічалі ў пратэстах, калі яны будуць ведаць, што гэта каліноўцы на поўначы, гэта будзе выгадна Украіне.

- І іх хутчэй пачуюць, калі ім скажуць: браты, за што? Уласна, вы ненавідзіце Лукашэнку, і мы яго ненавідзім. Чаго вы сюды ішлі? Здавайце зброю!

- Так. Мы ўсе разумеем, што стварыць паўнавартасную вайсковую брыгаду — гэта дарагое задавальненне, і таму тут якраз, я б, калі б мяне чулі, украінскаму кіраўніцтву раіў бы звяртацца да NАТО, бо кантакты значна лепшыя ва ўкраінскага кіраўніцтва. Каб NАТО дапамагло стварыць беларускую паўнавартасную частку. І адначасова з нейкімі цэнтрамі рэкруцкай падрыхтоўкі магчыма не толькі ва Украіне, але і ў Літве, і ў Польшчы, у іншых краінах.

- Вы ўспаміналі аб санкцыях. Якія канкрэтна санкцыі Захаду варта было б прыняць у дачыненні да беларускага рэжыму?

- У банкаўскай сістэме да канца прыняць гэтыя санкцыі.

- Swift?

- Так. Каб Swift быў поўнасцю адключаны. Потым дабівацца немагчымасці абыходу санкцый.

- Яны ж шукаюць шчыліны.

- Так. І тут роля Турцыі дваякая. З аднаго боку, быццам і дапамога ідзе Украіне. А з іншага боку, рэжым Пуціна шмат якія санкцыі абыходзіць з дапамогай Турцыі. І рэжым Лукашэнкі, мы гэта таксама ведаем. Напрыклад, калій ужо даходзіць да Ірана. Мусіць, неяк праз Турцыю. Не павінна быць, вядома, такіх шчылін, якія нават носяць сімвалічны характар, калі беларускія прапагандысты і чыноўнікі раптам ездзяць па Італіі, Францыі. Гэта людзьмі ўспрымаецца, як плявок. Гэта таксама вельмі важна, і гэтага не павінна быць.

Мусіць, трэба зачыніць транспартны калідор. Я разумею, гэта адчувальна для Захаду, але не так моцна, як адыход ад расейскіх энерганосьбітаў і беларускіх нафтапрадуктаў, якія выпрацаваны з расейскай нафты. Але мы, тым не менш, ведаем, што Польшча гандлюе садавіной і гароднінай сёння з Расеяй праз Беларусь. Адбываецца абыход санкцый не толькі для Беларусі, але і для Расеі. Прычым для Расеі афіцыйна, а для Беларусі - ну вось, мы проста ў Беларусь паставілі. А мяжы няма пад Смаленскам, таму ўсё ідзе туды. Ведаю, што вы раней удзельнічалі ў акцыях з патрабаваннем, каб не было паставак у Беларусь і Расею з Польшчы і Нямеччыны. Але, на жаль, гэта ёсць, гэта адбываецца.

Мы ведаем, што прыдуманая схема, калі ўязджаюць фуры з ЕЗ у Беларусь, перагружаюцца, а далей ужо беларускія машыны едуць. Гэта значыць, гэта стварыла складанасці, але больш для расейцаў. А беларускі рэжым на гэтым зарабляе.

Цяпер такая сітуацыя, што калі мы кажам, што мір на мяжы ядзернай пагрозы, трэба ціснуць з усіх бакоў, каб гэтага не адбылося. Бо ўсе гэтыя слабасці і хітрасці з боку Захаду ўспрымаюцца дыктатарамі ў якасці сігналу да далейшых агрэсіўных дзеянняў.

- Зміцер, ваша прозвішча гучыць па-ўкраінску - Бондаренко. «Слухаешь, читаешь и розумеешь, шо наша людина».

- Бацька ўкраінец, маці беларуска. Бацька нарадзіўся, праўда, у Беларусі. Дзед мой быў украінец і па-украінску казаў, але ён прыехаў у Беларусь з Расеі. Была такая вёска вялікая ў Расеі, на Волзе, Вялікая Кацярынаўка, і ён у свой час пераехаў. Але мой дзед быў адным з пачынальнікаў партызанскага руху ў Беларусі і на мяне вельмі вялікае ўражанне мела ў свой час паэма нашага Янкі Купалы «Бандароўна», там трагічная гісторыя пра ўкраінскае казацкае паўстанне. І там ёсць палкоўнік Бандарэнка, яго дачка. Гэта для мяне вельмі шмат значыць.

А калі я быў на Майдане, на першым Аранжавым Майдане, і чуў украінскі гімн, то былі і слёзы ў вачах, і мурашкі. Гены ўкраінскія шмат што значаць. І я ганаруся тым, што напалову ўкраінец.

- Вы ўжо не адзін год шчыра, як мантру, паўтараеце: Лукашэнка слабы, канец блізкі, зараз у інтэрв'ю вы сказалі, што год застаўся. Адкуль гэтая лічба?

- «Карфаген павінен быць разбураны», і ў рэшце ён быў разбураны. Хаця мы не ведаем, што лепш было б, але такі прыклад ёсць. Я ведаю, што людзі ў Беларусі былі нешчаслівыя і яны бачылі, што іх суседзі, літоўцы, палякі, латышы, эстонцы, жывуць лепей, не кажучы ўжо пра жыхароў далёкага Захаду. Я бачыў, што ў Беларусі пласт калгаснікаў, якія балююць, страшна раздражняе людзей і што рэвалюцыя была непазбежная, я пра яе казаў.

Але мы ведаем што, напрыклад, у 2019 годзе, у 2020 годзе казалі пра рэвалюцыю такія людзі як Мікола Статкевіч, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Наталля Радзіна. А большасць не казала. А потым высветлілася, што рэвалюцыя адбылася, і наверсе апынуліся зусім іншыя людзі, якія гэтую рэвалюцыю правалілі, таму што тыя, хто яе пачаў, пайшлі ў турмы. А тыя, хто праваліў, сёння ездзяць па свеце і ў гэтым ёсць пэўная недарэчнасць.

Аналіз даказвае, і эканамічны, і і геапалітычны, тое, пра што мы казалі. Нават краіны Усходняй Еўропы з насельніцтвам большым, чым у Расеі. Вось краіны Міжмор'я, паміж Адрыятычным, Чорным і Балтыйскім: ВПП гэтых краін таксама большы, чым у Расеі. Украінскае войска паказала, што яно сёння наймацнейшае войска ў Еўропе ў баявым духу, вывучцы, ва ўменні ваяваць. І таму непазбежная параза Расеі, але, калі не будзе ядзернага канфлікту. Ну а беларусы заслужылі таксама, як і ўкраінцы, права на свабоду, права на незалежнасць. І я як вернік ведаю, што Гасподзь за дрэнныя ўчынкі карае, а за добрыя ўзнагароджвае. І ўкраінцы, і беларусы заслужылі нармальнае жыццё, але лёгка не будзе.

- А вось вайна, фактычна, што яна змяніла і зменіць у гэтым свеце?

- Ну, гэта наогул вар'яцтва. Я быў дзіцем, якое вырасла на гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усе мае родныя прайшлі вайну, маці была ў акупацыі, бацька ў акупацыі, у партызанах. У мяне абодва дзяды з вайны не вярнуліся. І сказаць, што будзе вайна паміж расейцамі і ўкраінцамі, паміж беларусамі - гэта было немагчыма ўявіць. А пасля распаду Савецкага саюза - дыктатура несправядлівая і немагчымая...

Але будзе добры вынік. Я на гэта вельмі спадзяюся і ў гэта веру. І думаю, што яшчэ пажыву добра ў свабоднай еўрапейскай Беларусі.

- Але тады проста напрошваецца апошняе пытанне, якое, у прынцыпе, я ва ўсіх праграмах задаю. Як перамагаць? Што беларусам трэба зразумець, перажыць, зрабіць, якія крокі зрабіць, каб перамагчы?

- Вайсковая перамога вельмі часта вызначаецца наяўнасцю супольнікаў. Мы такіх супольнікаў маем, у нас такія супольнікі ёсць - гэта Украіна, гэта краіны Еўразвязу, гэта краіны NАТО, краіны дэмакратычнага свету. Найперш мы павінны пераканаць нашых супольнікаў, нашых партнёраў дапамагчы нам. Мы, як украінцы, будзем ваяваць самі, вы нам дайце зброю, дапамажыце. І мы як незалежная краіна гаворым: украінцы, дапамажыце нам перамагчы. Мы будзем змагацца самі, у нас стае лідараў, стае смелых людзей. Рэвалюцыя 2020 года гэта паказала. Мне сёння, асабліва пасля 2020 года, за беларусаў не сорамна, я мяркую, мы сваё слова сказалі і яшчэ скажам.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках