Выяўлены новы штам каранавіруса, які назвалі «Дэльтакрон»
4- 9.01.2022, 10:05
- 19,042
Што пра яго вядома?
На Кіпры навукоўцы выявілі новы штам каранавіруса, які з'яўляецца гібрыдам штамаў «Дэльта» і «Амікрон». Пра гэта 8 студзеня паведаміла выданне Cyprus Mail.
Доктар Леонціас Кострыкіс, які ўзначальвае групу навукоўцаў лабараторыі біятэхналогіі і малекулярнай вірусалогіі Кіпрскага універсітэта, расказаў, што «Дэльтакрон» ужо выявілі ў 25 пацыентаў на Кіпры, 11 з іх знаходзяцца ў бальніцы, а 14 праходзяць лячэнне амбулаторна.
«Дэльтакрон» мае генетычнае паходжанне варыянту «Дэльта» разам з некаторымі мутацыямі «Амікрона», паведаміў Кострыкіс.
З ягоных слоў, «Дэльтакрон» не быў ідэнтыфікаваны больш нідзе ў свеце, таму гэтае адкрыццё можа мець глабальную цікавасць, піша Cyprus Mail.
Навуковец распавёў, што 25 узораў «Дэльтакрон» былі перададзены ў базу звестак GISAID (глабальная навуковая ініцыятыва, якая забяспечвае адкрыты доступ да геномных звестак вірусаў грыпу і SARS-CoV-2), што зробіць іх даступнымі для сусветнай навуковай супольнасці, адзначае выданне.
Пры гэтым Кострыкіс падкрэсліў, што яшчэ рана прадказваць, ці зможа «Дэльтакрон» перасягнуць «Дэльту» і «Амікрон».