Медык: Статыстыцы па COVID-19 не верыць ніхто, нават Міністэрства аховы здароўя
3- 6.01.2022, 20:31
- 18,016
Кампанія вакцынацыі праваленая.
Як Беларусь праходзіла праз апошнюю хвалю захворвання СOVID-19? Ці апраўдаў сябе беларускі шлях барацьбы з эпідэміяй? Як падтасоўваюць статыстыку захворвання і смяротнасці ад каранавіруса – расказваюць інсайдэры ў праграме на «Белсаце».
Міністэрства аховы здароўя праваліла кампанію вакцынацыі. Замест неабходных 60% насельніцтва прышчапіцца пагадзілася ўсяго 40%. Ва ўмовах абмежаванага выбару вакцын і адсутнасці захадаў, скіраваных на стрымліванне эпідэміі, Беларусь не падрыхтавалася адэкватна да яе апошняй хвалі.
«Многія пацыенты, якія павінны былі быць у рэанімацыі, - іх проста не забіралі. Нават у Менску. Бо не было месцаў. З улікам структуры шпіталізацыі многім «хуткім» адмаўлялі ў шпіталізацыі пацыентаў. Гэта значыць, часта брыгады хуткай дапамогі былі вымушаныя ездзіць па Менску, каб знайсці любое месца. Усё правалена там, насамрэч. Ніякай барацьбы з ковідам няма. Гэтая хваля была самая вялікая, і смяротнасць была проста вялізная. Статыстыка, якая нам дэманструецца, - смешная, і ёй, на маю думку, не верыць ніхто, нават Міністэрства аховы здароўя», - распавядае Сяргей, анестэзіёлаг-рэаніматолаг.
Лекар з менскай лякарні Галіна ўзгадвае, што за дзень у Менску рэгістравалі паводле неафіцыйных звестак 4–5 тысяч дадатных тэстаў толькі ў Менску. Афіцыйная лічба па ўсёй Беларусі давалася блізу 2 тысячы.
«Відавочна, што статыстыка афіцыйна была сфальсіфікаваная, - кажа Галіна, - тое ж самае са смяротнасцю. Мы бачылі, што афіцыйна нам казалі пра 17, 18, 20 смерцяў у дзень, але я дакладна ведаю, і мае калегі паведамлялі, што толькі ў адным шпіталі памірала больш за 20 чалавек за дзень у Менску».