Лячэнне амікрон-інфекцыі дома: Што трэба мець у сямейнай аптэчцы
- 29.01.2022, 11:48
- 289,214
Рэкамендацыі нямецкіх лекараў з Інстытута Роберта Коха.
Мяркуецца, што заражэнне амікронам выклікае інфекцыю ў даволі мяккай форме з такімі «прастуднымі» сімптомамі, як кашаль, ліхаманка, катар, пяршэнне ў горле. Таксама магчымыя галаўныя болі і болі ў целе, страта апетыту, млоснасць, дыярэя.
Зніжэнне вастрыні хваробы прывяло да таго, што большасць выпадкаў амікрон-інфекцыі цяпер паспяхова падлягаюць хатняй тэрапіі – яны патрабуюць сімптаматычнага лекавання, піша medikforum.ru.
Каб змагацца з памяркоўнымі сімптомамі і палепшыць сваё самаадчуванне, у аптэчцы дома трэба мець некаторыя атрыбуты і сродкі. Якія менавіта, расказалі лекары з Інстытута Роберта Коха (Нямеччына).
Клінічны тэрмометр.
Гарачкапаніжальны прэпарат (напрыклад, парацэтамол)
Абязбольвальнік (напрыклад, ібупрафен).
Назальны спрэй (пераважна фізіялагічны раствор).
Сродак ад кашлю.
Гарбата або ляндрынкі з шалвеі: дапамагаюць пры болі ў горле і кашлі.
Дастаткова насовак.
Як дапамагчы сабе пры заражэнні амікронам?
Адпачынак. Медыкі раяць хворым адпачываць і не ператамляць свой арганізм, адмовіцца на час ад спорту.
Лекаванне сімптомаў. Ібупрафен дапамагае пры галаўных болях і болях у целе. Пры катары лепш за ўсё выкарыстоўваць назальны спрэй з натуральным солевым растворам. Паласканне горла растворам шалвеі або солевым растворам дапамагае пры болі ў горле.
Сачыць за тэмпературай. Невялікае павышэнне тэмпературы да 39 градусаў зніжаць не трэба – такая гарачка дапамагае арганізму змагацца з хваробатворнымі мікраарганізмамі, якія гінуць у асяроддзі вышэйшым за 37 градусаў.
Тэмпература большая за 39 градусаў гаворыць пра ліхаманку. Пры такіх паказніках можна выкарыстоўваць парацэтамол, халодныя кампрэсы.
Калі тэмпература цела паднімаецца вышэй за 40 градусаў паводле Цэльсія ці ліхаманка трымаецца даўжэй за два-тры дні, трэба абавязкова звярнуцца да лекараў.
Піць ваду. Лекары рэкамендуюць: на кожны градус тэмпературы вышэйшы за 37 арганізму штодня патрабуецца ад паловы да аднаго літра вадкасці, пераважна чыстай вады.
Вітаміны і мінералы. У перыяд хваробы важна добра харчавацца: арганізм павінен быць забяспечаны неабходнымі яму вітамінамі і мінераламі. Тым, хто пакутуе на страту апетыту і не можа нармальна есці, будуць небескарысныя прэпараты з вітамінам С і цынкам.
Калі неабходны лекар
Пры пагаршэнні сімптомаў лекаванне амікрон-інфекцыі дома прадаўжацца не павінна – у гэтым выпадку трэба абавязкова звярнуцца да лекара.
Што значыць пагаршэнне сімптомаў:
Узнікаюць праблемы з дыханнем, моцная дыхавіца.
Адчуваецца галавакружэнне.
Скура набывае сіняе адценне.