Хворы Лукашэнка пералічыў, каго ён мог заразіць каранавірусам
9- 21.01.2022, 18:20
- 33,588
Сярод іх — спецпадраздзяленне вайскоўцаў.
Падчас паездкі ў Берасцейскую вобласць Лукашэнка распавёў, якія мерапрыемствы ён наведваў падчас хваробы на каранавірус.
У першую чаргу, як паведамляе БелТА, ён назваў вайсковы кантынгент АДКБ, які вярнуўся з Казахстана: «Мне было не вельмі добра, але я не мог не прыехаць на аэрадром, не сустрэць сваіх «дзяцей» — 250 чалавек, якіх я паслаў у нязведанае».
Таксама хворы на каранавірус Лукашэнка наведаў уручэнне прэміі «За духоўнае адраджэнне» (пасля гэтага з'явіліся чуткі аб хваробе мітрапаліта Веньяміна), службу ў царкве на Каляды і інш.
«Прыём на Стары Новы год — я заўсёды прымаў журналістаў, артыстаў, нашых культурных дзеячаў, чыноўнікаў. Як іх не ўшанаваць, не ўзнагародзіць? Быў шэраг мерапрыемстваў, якія без прэзідэнта быць не маглі», — заявіў ён.
Пра тое, што ён перахварэў на штам «амікрон», Лукашэнка выказаўся днямі. На ягоную думку, заразіцца ён мог на трэніроўцы з хакеістамі, якія вярнуліся з ААЭ і неўзабаве ў іх знайшлі каранавірус.
Раней Лукашэнка заяўляў, што над лядовай пляцоўкай вірусаў не бачна.