У Латвіі з 25 студзеня забароняць маскі з тканіны
1- 18.01.2022, 21:53
- 12,516
Трэба будзе насіць толькі медыцынскую маску ці рэспіратар FFP2.
З 25 студзеня ў Латвіі будзе забаронена наведваць публічныя месцы у масцы з тканіны на твары - трэба будзе насіць толькі медыцынскую маску або рэспіратар FFP2.
Адпаведныя папраўкі да правілаў аб мерах эпідэміялагічнай бяспекі ў абмежаванні распаўсюджвання Covid-19 прыняў 18 студзеня ўрад краіны, паведамляе партал Delfi.
Гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на дзяцей 7-12 гадоў: яны могуць па-ранейшаму выкарыстоўваць маскі з тканіны ў навучальных установах і грамадскім транспарце.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што эфектыўнасць медыцынскіх масак вышэйшая, чым маскі з любых іншых матэрыялаў, яна дасягае 90%. Маскі з тканіны недастаткова затрымліваюць дробныя часціцы, у тым ліку вірусы пры ўдыханні.
Дырэктар Дзяржаўнай канцылярыі, кіраўнік групы аператыўнага кіравання Яніс Цітскоўскіс на пасяджэнні ўрада паведаміў, што маламаёмасным людзям будзе выдадзена па 50 масак, якіх павінна хапіць на двухмесячны перыяд.