27 красавiка 2024, Субота, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер выкрыў адзін з сакрэтаў СССР

17
Блогер выкрыў адзін з сакрэтаў СССР

Гэта адбылося ў 1961 годзе.

Сёння будзе аповед пра адну трагедыю, якая была практычна засакрэчаная ў СССР, дый цяпер за межамі Украіны пра яе мала хто чуў. 13 сакавіка 1961 года адбылася трагедыя на Куранёўцы, адным з раёнаў места Кіева — у выніку размывання дамбы тоны пульпы з Бабінага Яра затапілі Куранёўку, у выніку чаго загінулі сотні чалавек, піша вядомы беларускі блогер Максім Міровіч.

Калі падрабязна вывучыць усё, што адбылося на Куранёўцы, то выявіцца, што ўсё тое, што там здарылася, дзіўным чынам нагадвае Чарнобыльскую трагедыю, якая адбылася 25 гадамі пазней. Тут таксама ўлады спачатку прынялі бяздумны тэхнічны варыянт, а пасля трагедыі імкнуліся максімальна засакрэціць яго наступствы.

У сённяшнім допісе - аповед аб буйной тэхнагеннай катастрофе, што адбылася ў СССР у 1961 году і аб якой вы, мусібыць, нічога не чулі.

Як адбылася Куранёўская трагедыя.

Для пачатку аб тым, з чаго ўсё пачалося. На пачатку пяцідзесятых гадоў савецкая ўлада прымае дзіўную пастанову. На месцы масавых расстрэлаў у Бабіным Яры ў Кіеве, замест мемарыяла ў памяць аб ахвярах або якога-небудзь іншага памятнага месца будуецца сметнік будаўнічых адкідаў - гэтую пастанову падпісаў старшыня выканкама Аляксей Давыдаў. У наваколлях Бабінага Яра пачалі будаваць жылы масіў, а сам Бабін Яр наважылі заліць адкідамі з суседніх цагельняў.

Каб не дапусціць затаплення суседніх жылых раёнаў быў збудаваны земляны вал. Мяркуючы з усяго - нармальных інжынерных разлікаў ніхто не праводзіў, бо параметры вала і прапускная здольнасць усёй дрэнажнай сістэмы не адпавядалі нормам бяспекі. Параўнайце гэта з тым, як будавалі Чарнобыльскую атамную электрастанцыю - рассакрэчаныя дакументы пра гэта я публікаваў вось у гэтым допісе.

Пятроўскія цагельні на працягу дзесяці гадоў злівалі ў Бабін Яр свае адкіды вытворчасці, а затым здарылася страшнае - 13 сакавіка 1961 года земляную дамбу прарвала, і селевы струмень шырынёй 20 мэтраў і вышынёй блізу 14 мэтраў панёсся долу, зносячы на сваім шляху дзесяцітонныя трамваі і нават дамы.

Гразевы сель знішчыў блізу 80 дамоў (большасць знішчаных - жылыя дамы), стадыён "Спартак" і трамвайны парк - у парку сітуацыю яшчэ пагоршыла тое, што на часе не быў дадзены наказ аб адключэнні электразабеспячэння, і мноства людзей у парку загінула ад пашкоджання электрычным токам. Паводле іншых звестак - электрычную падстанцыю паспелі вымкнуць некалькі работнікаў парку, ахвяраваўшы сваім жыццём, але ў выніку гэтага выратавалі дзясяткі людзей...

У краіне татальнай сакрэтнасці.

Гэтак жа, як і ў выпадку з Чарнобыльскай трагедыяй, улады прынялі пастанову максімальна засакрэціць усё, што здарылася на Куранёўцы, была праведзеная сапраўдная спецыяльная аперацыя КДБ для хавання наступстваў. У Кіеве цалкам вымкнулі міжнародную і міжгароднюю сувязь. На ліквідацыю наступстваў катастрофы кінулі жаўнераў - яны ў рэжыме сакрэтнасці адкопвалі з-пад застылага селю целы загінулых, якіх затым хавалі на розных могілках, выдумляючы розныя прычыны смерці.

Наступствы катастрофы.

Афіцыйнае паведамленне аб трагедыі было перададзеная толькі 16 сакавіка, паводле афіцыйных звестак — на Куранёўцы загінула 150 чалавек, паводле неафіцыйных звестак — 1500 і больш. У выніку ўсяго здарэння пракуратура УССР распачала крымінальную справу - суд адбыўся ў рэжыме строгай сакрэтнасці, шэсць службовых асоб, якія маюць дачыненне да трагедыі, прысудзілі да турэмнага зняволення. Аляксей Давыдаў, які падпісаў пастанову аб будаўніцтве дамбы - раптоўна памёр у 1963-м годзе, паводле афіцыйнай версіі - ад інфаркту (паводле іншых звестак - застрэліўся).

Для мяне трагедыя на Куранёўцы стаіць у адным шэрагу з Чарнобыльскай трагедыяй і аварыяй на "Маяку" — спачатку праз бяздумныя дзеянні ўлады і кіраўніцтва адбываецца тэхнагенная катастрофа, пасля чаго ўлады імкнуцца яе максімальна засакрэціць, расказваючы ўсяму свету аб тым, што "ўсё добра, выдатная маркіза".

І трэба сказаць, засакрэчвалі такія справы вельмі паспяхова. Пра тое, што здарылася на Куранёўцы ў 1961 годзе, не ведае нават шмат хто з кіян, не кажучы ўжо пра іншых жыхароў былога СССР.

Вось Вы, напрыклад, чулі пра гэтыя падзеі?

Ну і ўвогуле напішыце ў каментарах, што Вы пра ўсё гэта думаеце.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках