Беларуска, якая захварэла падчас цяжарнасці на COVID, 16 дзён правяла на ШВЛ
1- 13.01.2022, 19:12
- 6,316
І нарадзіла здаровага малога.
З Віцебскага радзільнага дома выпісалі маладую маці Алену Зінькевіч з Наваполцка і яе нованароджанага сына Цімафея. Жанчына падчас цяжарнасці знаходзілася 16 дзён на апараце ШВЛ - у бальніцу яе прывезлі на другім трыместры з дыягназам каранавірусная інфекцыя, двухбаковая пнеўманія цяжкай ступені. І сама Алена, і лекары кажуць, што тое, што ўдалося выратаваць яе і дзіця - гэта сапраўдны цуд.
- Гэта было ў кастрычніку, я захварэла ўпершыню, нават не меркавала, што са мной можа такое здарыцца, вяла здаровы лад жыцця, займалася спортам, правільна харчавалася, - распавяла газеце «Витебские вести» Алена. - Патрапіла сюды амаль у несвядомым стане. Першыя некалькі дзён былі вельмі цяжкія. Я была даслоўна на валаску ад смерці.
Улічваючы цяжкі стан пацыенткі, яна была шпіталізаваная ў рэанімацыйна-анестэзіялагічнае аддзяленне.
- У яе былі пашкоджаныя практычна ўсе лёгкія. Яна не магла дыхаць без кіслароднай падтрымкі. Цяжар захворвання суправаджаўся не толькі пашкоджаннем лёгкіх, але і печані, нырак, сэрца. Кожны дзень змагаліся за жыццё яе і дзіця. На працягу 16 дзён пацыентка знаходзілася на кіслароднай тэрапіі, падача кіслароду ажыццяўлялася з дапамогай апарата высокаструменнай ШВЛ, - распавяла намесніца галоўнага лекара ў медыцынскай частцы абласнога клінічнага радзільнага дома Людміла Рослік.
Лекары ўвесь гэты час пільна сачылі за станам будучай мамы і дзіцяці. Кансультаваліся з экспэртамі з Белмедуніверсітэта, а таксама з медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Цімафей нарадзіўся 6 студзеня.
- Тое, што са мной адбылося - гэта сапраўдны цуд, - сказала Алена. - Без дапамогі лекараў ён не адбыўся б. Я ніколі не сустракала такога стаўлення. Адчуваліся цеплыня, клопат. Дзякуй лекарам, усяму медперсаналу за тое, што яны выратавалі мяне і маё дзіця. Парада ўсім: адназначна трэба прышчапляцца, што я сама абавязкова зраблю.