4 траўня 2024, Субота, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін: Расея на просьбу Лукашэнкі стварыла рэзерв праваахоўнікаў для дапамогі Беларусі

247
Пуцін: Расея  на просьбу Лукашэнкі стварыла рэзерв праваахоўнікаў для дапамогі Беларусі
Фота: AFP

Кіраўнік Крамля распавёў, у выпадку чаго ён будзе задзейнічаны.

Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея на просьбу Лукашэнкі сфармавала рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі. Пра гэта расейскі прэзідэнт распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 24».

- Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў. Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны датуль, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю і калі экстрэмісцкія - я хачу гэта падкрэсліць - элементы...датуль не будзе выкарыстоўвацца, пакуль экстрэмісцкія элементы, не прыкрываючыся палітычнымі лозунгамі, не перададуць, не пяройдуць пэўных межаў і ня пераступяць, не прыступяць проста да разбою, не пачнуць падпальваць аўтамабілі, дамы, банкі, спрабаваць захопліваць адміністрацыйныя будынкі і гэтак далей, - заявіў Пуцін.

З ягоных слоў, яны з Лукашэнкам прыйшлі да высновы, што цяпер неабходнасці выкарыстоўваць гэты рэзерв няма.

- І, спадзяюся, яе не будзе, - дадаў прэзідэнт Расеі.

На ягоную думку, Расея ў дачыненні да падзеяў у Беларусі паводзіць сябе «больш стрымана і нейтральна, чым многія іншыя краіны, еўрапейскія і амерыканцы».

- Але нам, безумоўна, неабыякава, што там адбываецца. Гэта вельмі блізкая, можа, самая блізкая да нас краіна: і этнічна самая блізкая, і ў моўным плане, і ў культурным, духоўным - у якім заўгодна. У нас дзясяткі, сотні тысяч, калі не мільёны, наўпроставых роднасных сувязяў. Цесная кааперацыя ў прамысловасці. Дастаткова сказаць, што з усяго аб'ёму імпарту сельгаспрадукцыі на расейскі рынак прыпадае 90 з лішнім адсоткаў, - заявіў Пуцін.

Аднак, з ягоных слоў, тое, што адбываецца ў краіне, - гэта справа беларускага народа. Пуцін таксама адзначыў, што спадзяецца, што бакі змогуць знайсці выйсце з сітуацыі «без крайнасцяў» і не выйдуць за рамкі дзейнай Канстытуцыі.

Пуцін заявіў, што «калі людзі выйшлі на вуліцу, трэба з гэтым лічыцца, чуць гэта, рэагаваць».

- Але, дарэчы кажучы, Лукашэнка ж і сказаў, што ён гатовы разгледзець магчымасць правядзення канстытуцыйнай рэформы, прыняцця новай Канстытуцыі, правядзення новых выбараў і парламента, і прэзідэнцкіх выбараў на аснове гэтай новай Канстытуцыі, але за рамкі дзейнай Канстытуцыі нельга выходзіць. І з гэтым цяжка не пагадзіцца, - заявіў ён.

Што датычыцца праваахоўных органаў Беларусі, то, на думку Пуціна, у сітуацыі, якая склалася, «яны паводзяць сябе досыць стрымана».

На заўвагу, што ў першыя дні ад інфармацыі, якая прыходзіць з Беларусі, многім было не па сабе, ён прывёў у прыклад Францыю. А таксама заявіў, што «ў некаторых еўрапейскіх краінах людзі гінулі ледзь не кожны дзень».

- Хіба хто-небудзь з тых, хто цяпер ставіць штосьці ў віну Беларусі і беларускаму кіраўніцтву, Лукашэнку, хіба яны асуджаюць гэтыя акцыі? Я нешта нічога ў гэтым сэнсе не бачыў. Чаму такая выбіральнасць? Гэта наводзіць на думку аб тым, што справа не ў тым, што адбываецца ў Беларусі, а справа ў тым, што камусьці хочацца, каб там адбывалася нешта іншае. Хочуць уплываць на гэтыя працэсы і дамагчыся нейкіх пастаноў, якія адпавядаюць, як думаюць гэтыя людзі, іх палітычным інтарэсам, - заявіў Пуцін.

Нагадаем, раней пра тое, што Лукашэнка папрасіў ваеннай дапамогі ў Пуціна, расказаў першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук. Ён адзначыў, што калі гэтая дапамога будзе ваеннай і ўвядуць войскі, то Беларусь перастане быць самастойнай дзяржавай і ператворыцца ў акупаваную тэрыторыю.

Напісаць каментар 247

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках