19 сакавiка 2024, aўторак, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час дзейнічаць

45
Час дзейнічаць

Лукашэнка – бітая карта.

Няма ў яго шанцаў застацца ва ўладзе. Пытанне цяпер у іншым – сыдзе ён у найбліжэйшы месяц або пасля той ганьбы, якую ён называе «выбарамі». І розніца тут не толькі ў часе, але і ў тым, ува што абыдуцца лішнія месяцы знаходжання вар'ята-ўзурпатара ва ўладзе.

Відавочна, што Лукашэнка ў страху і ў стане абвостранай параноі прадоўжыць рэпрэсіі, і яны закрануць ужо не толькі кандыдатаў у прэзідэнты і лідараў апазіцыі – ён пачне помсціць тым бізнэсмэнам, прадпрымальнікам, мэнэджарам, чыноўнікам і прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, якія сёння ў масавым парадку выступілі супраць яго.

Калі мы хочам выжыць – дыктатара трэба выключаць як мага хутчэй. Для гэтага трэба перастаць марнаваць час на бессэнсоўнае баданне з сістэмай у выглядзе напісання скаргаў у разнастайныя інстанцыі. Са шкадаваннем назіраю, як сёння гэтай лухтой замест рэальнай барацьбы за свайго лідара захапіўся штаб Віктара Бабарыкі.

Уся гэтая пісаніна – пустое марнаванне часу і элементарны зліў пратэставага патэнцыялу. Не марнуйце энэргію і сілы на бюракратыю – вы яе не паралізуеце, яна жыве за кошт бясконцага колазвароту скаргаў. Хочам мы гэтага ці не хочам, але няма іншага шляху ад дыктатарскага рэжыму да дэмакратычнага ладу, акрамя як праз вулічную актыўнасць народа.

Акрамя актыўнасці ўнутры краіны надзвычай важная міжнародная салідарнасць. Хваля акцый салідарнасці з змагарнай Беларуссю, якая пракацілася па планеце, сапраўды ўражвае. Але цяпер неабходна перайсці да канкрэтных палітычных дзеянняў. Неабходна патрабаваць ад урадаў заходніх дзяржаваў увядзення санкцый супраць нелегітымнага і злачыннага рэжыму Лукашэнкі.

Арышты кандыдатаў у прэзідэнты, лідараў апазіцыі і блогераў, катаванні людзей у турмах, адвольныя затрыманні грамадзянаў, блакаванне незалежных сайтаў і цэнзура ў СМІ – усё гэта падставы для ўвядзення як візавых абмежаванняў супраць вінаватых у злачынствах беларускіх чыноўнікаў, так і эканамічных санкцый супраць усяго рэжыму.

Дарагія беларусы замежжа, патрабуйце ад урадаў сваіх краінаў: спынення палітычнай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі і кантактаў высокага ўзроўню; спынення любой фінансавай дапамогі дзяржаўным органам Беларусі; спынення гандлёвых стасункаў з беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі; максімальнага скарачэння і абмежавання банкаўскіх і фінансавых аперацый з дзяржаўнымі контрагентамі; ужывання захадаў для замарожвання перамоваў з Беларуссю ў цікавых для ўлады пытаннях; аднаўлення санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі і палітычныя пераследы.

Санкцый заселыя ва ўладзе злачынцы баяцца больш за ўсё. Гэта іх ахілесава пята.

Таму давайце дзейнічаць разам унутры краіны і за мяжой: у імя выратавання людзей і Беларусі.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках