9 жнiўня 2020, Нядзеля, 9:04
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Докшыц - Лукашэнку: Сёмы тэрмін - толькі ў турме

12
Жыхар Докшыц - Лукашэнку: Сёмы тэрмін - толькі ў турме

Апошнімі днямі людзі пабачылі, колькі ў краіне незадаволеных.

Жыхар Докшыц распавёў прэс-службе грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» аб сітуацыі ў горадзе, які стаў месяц таму адным з найбуйнейшых асяродкаў эпідэміі Covid-19.

«Сёння ў Докшыцах усё радзей сустракаюцца людзі ў ахоўных масках, вірус проста ад стомы людской, ад усведамлення непазбежнага сышоў на задні план, - піша ён. - Але гэта не значыць, што пра яго зусім забыліся ў горадзе і раёне, у лякарню ўсё гэтак жа паступаюць людзі, радуе толькі, што не ў такой колькасці і не ў такім цяжкім стане. Але гэта не гаворыць аб тым, што вірус адступае ў рэчаіснасці, змяншае абароты ён толькі на паперы, бо вынікі тэстаў ужо нікога не цікавяць, цікавіць толькі статыстыка, план, які кідаюць зверху, пад кіраўніцтвам вусатага забойцы, якому людскія лёсы і жыцці абсалютна абыякавыя! Тэсты робяць для птушкі, і вынік ужо нікога не цікавіць, бо ёсць даведзеныя лічбы. Паправіўся - паставілі каранавірус, нібыта справіліся, памёр - шукаюць іншыя адпіскі, да прыкладу ад абвастрылася хранічнай хваробы на фоне пнеўманіі.

У той жа час немагчыма не заўважаць, і не чуць абмеркавання, якое даносіцца ад многіх з рабочых калектываў, у раёне і горадзе. Усё «сыплецца», заробкі на фоне росту коштаў і тарыфаў ЖКГ падаюць, працоўных месцаў няма, як і годнай аплаты, даводзіцца «батрачыць» за 300-450 рублёў. Дайшло да таго, што ўжо і адзенне ў растэрміноўку набываем, прадукты ў дробных крамах на запіс бярэм, каб хоць неяк існаваць.

У горадзе і так нічога не засталося. Усё, што можна, закрылі, а што хоць неяк дыхае, працуе ў рэжыме філіялаў і замацаванае за іншымі раёнамі.

Знаёмы працуе ў адной з будаўнічых арганізацый, ПМК-52, сітуацыя безнадзейная, усё стала колам, матэрыялаў няма, грошай на заробкі людзям і закупкі таксама. Хтосьці сядзіць дома за свой кошт, хтосьці піша заяву на адпачынак з наступным звальненнем. Бясконца мяняюць кіраўнікоў, якія часта і ў будаўніцтве нічога не разумеюць, а толькі спраўна распілоўваюць тое, што і так ледзь дыхае, злосць нарастае, не ведаем як далей, пара ўжо мяняць гэта ўсё.

Горад у нас невялікі, таму ўвесь час чуеш ад знаёмых, ды і мінакоў, наколькі ўсё стала невыносным, ва ўсіх адна позва - пра цяжар жыцця.

Мы і працаваць не супраць, але няма дзе і няма за што, ды і з'ехаць стала больш складана. Межы закрытыя, цывілізаваны свет глядзіць на беларусаў, як на пракажоных. У тую ж самую Польшчу з'ехалі б на заробкі, яна цяпер ва ўсіх на языках.

Каму жыць добра - дык гэта сістэмным халуям, якія служаць рэжыму, людзям гайкі закручваюць. Былы старшыня райвыканкама Пінчук чалавека застрэліў на паляванні і нічога, працуе вунь дагэтуль у сельсавеце, пакуль месца цяплейшага не знайшлі.

Работнік аднаго з калгасаў таксама кажа, што жыцця ўжо ніякага няма, з жонкай працуюць разам, ён - на тэхніцы, яна - даяркай, не ведаюць, як дзіця на вучобу сабраць. 20 рублёў пазычаць даводзіцца, а што сёння 20 рублёў? Душа рвецца, калі разумееш, што не можаш дзяцей забяспечыць, не кажучы ўжо пра сябе.

Балазе, хоць свая скаціна якая ёсць, на гэтым і трымаемся.

Толькі ў апошнія дні, калі людзі ўбачылі, колькі ў краіне незадаволеных, колькі збіраюцца на сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты, з'явілася надзея на перамены. Нельга дазволіць забойцу і тырану падмануць народ і атрымаць яшчэ пяць гадоў улады. Сёмы тэрмін - толькі ў турме».