27 красавiка 2024, Субота, 0:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта не пратакол, а фальсіфікацыя»

19
«Гэта не пратакол, а фальсіфікацыя»
ФОТА: TUT.BY

У Віцебску за ўдзел у акцыі судзілі пенсіянераў - ім 69 і 79 гадоў.

Суд Першамайскага раёну Віцебску 20 кастрычніка разгледзеў адміністрацыйныя справы 69-гадовага Анатоля Матвеева і 79-гадовага Аляксандра Нікіценкі. Пенсіянераў затрымалі 11 кастрычніка - гэта была нядзеля, і па Віцебску хадзіла калона пратэстоўцаў супраць вынікаў выбараў. Пажылых людзей абвінавачваюць ва ўдзеле ў гэтым маршы, але самі яны гэта адмаўляюць. Суддзя адправіў справу назад у міліцыю - на дапрацоўку.

Працэс вёў суддзя Міхаіл Юрчанка, паведамляе tut.by.

Пратаколы на абодвух пенсіянераў склалі аднолькавыя. 69-гадовага Анатоля Матвеева і 79-гадовага Аляксандра Нікіценку абвінавачваюць у тым, што 11 кастрычніка прыкладна з 15.30 да 16.30 яны ўдзельнічалі «ў несанкцыянаваным вулічным шэсці ад дома №15 на праспекце Перамогі да дома №18 на праспекце Будаўнікоў», «ішлі ў групе людзей, якія сабраліся з мэтай выказвання пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта» і «выказвалі грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы». Пратаколы складзеныя паводле праславутай часткі 1 артыкула 23.34 КоАП.

Спачатку суд разгледзеў справу Анатоля Матвеева. Пенсіянер заявіў, што не згодны з пратаколам.

АНАТОЛЬ МАТВЕЕЎ ПАКІНУЎ ЗАЛУ СУДА, БО БЫЎ КАТЭГАРЫЧНА НЕ ЗГОДНЫ З ПРАТАКОЛАМ

- Да пратаколу я стаўлюся вельмі адмоўна. Гэта не пратакол, гэта фальсіфікацыя!

Анатоль Матвееў паведаміў, што яны з яго таварышам Аляксандрам Нікіценкам 11 кастрычніка «ішлі ў краму, убачылі на праспекце Будаўнікоў калону і ціха ішлі ў канцы гэтай калоны». Працягвалася, з яго слоў, гэта нядоўга.

- Навошта вы ішлі з калонай? - удакладніў суддзя.

- На просьбу Ільіча (Аляксандра Нікіценкі. - Заўвага.). Ільіч хацеў даведацца: хто ў іх старшы, куды і навошта яны ідуць. Але старэйшага мы так і не знайшлі. А спытаць ні пра што не паспелі - пачаўся разгон.

У пратаколе малодшы з пенсіянераў, з яго слоў, знайшоў 6 памылак. Між іншым, ён не згодны з месцам, дзе, паводле звестак міліцыі, яны з Нікіценкам былі затрыманыя:

- Тут напісана, што нас з Ільічом затрымалі каля дома №18 на праспекце Будаўнікоў. Але такога дома ў Віцебску не існуе. Як мы маглі знаходзіцца ля няіснага дома?

ПАДТРЫМАЦЬ ПЕНСІЯНЕРАЎ НА СУД ПРЫЙШЛО БЛІЗУ 50 ЧАЛАВЕК. ПРЫКЛАДНА 20 З ІХ НА ПРОСЬБУ СУДДЗІ ВЫМУШАНЫ БЫЛІ ПАКІНУЦЬ ЗАЛУ, БО МЕСЦАЎ УСІМ НЕ СТАВАЛА

Анатоль Яфімавіч нават прадставіў суду схему, якую сам намаляваў:

- Тут намалявана, дзе знаходзіліся пратэстоўцы, а дзе мы ў момант затрымання. Мы з Ільічом стаялі каля прыпынку насупраць Палаца спорту, а людзі перайшлі праспект да палаца, там пачаліся разгон і затрыманні. Гэта значыць, мы ў гэты момант знаходзіліся на супрацьлеглым баку праспекта. Мы проста стаялі і глядзелі, як разганяюць людзей. Мы хацелі паглядзець, як гэта адбываецца, ці прымяняе міліцыя газ, дубінкі, гвалт.

Пра тое, што ў Беларусі пасля выбараў адбываецца гвалт, пенсіянер ведае з навін. Ён паведаміў суду, што глядзіць Euronews, а таксама ўсе беларускія каналы.

- І як, па-вашаму, ёсць розніца [ў падачы інфармацыі]? - чамусьці спытаў суддзя.

- Розніца ёсць. Але ў мяне на тое, што адбываецца сярэдняе меркаванне - паміж тымі і тымі.

Матвееў адзначыў, што пры вобшуку ў РАУС супрацоўнікі міліцыі не знайшлі ў іх з таварышам ніякай забароненай сімволікі, плакатаў.

- Значыць, мы не маглі выказваць «грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы», - сказаў на заканчэнне пенсіянер.

Анатоль Яфімавіч адзначыў, што, на яго погляд, у калоне разам з прысутнымі ішлі «ціхары».

- Хто такія «ціхары»? - удакладніў суддзя.

- Тыя людзі з супрацоўнікаў, якія робяць правакацыі.

Пенсіянер пацікавіўся:

- За што і хто нас арыштаваў? Начальнік міліцыі (начальнік Першамайскага РАУС Віцебска Аляксандр Чарняўскі. - Заўвага. TUT.BY) заявіў нам, што нас забралі не яго супрацоўнікі. Ён нам таксама сказаў, што яго супрацоўнікі людзей не б'юць, газам не травяць. Дык хто нас тады затрымаў?

- Вас затрымалі супрацоўнікі АМАПу, - растлумачыў суддзя.

Прыкладна праз 45 хвілін пасля пачатку пасяджэння Аляксандр Матвееў заявіў суддзі, што не будзе больш адказваць на яго пытанні:

- Раз вы разбіраеце пратакол, дзе пазначаны няісны дом у горадзе, дзе напісана, што мы з Ільічом хадзілі з калонай цэлую гадзіну... Я з гэтым не згодны. Згодны выйсці з залы - і ўсё!

Пасля гэтага пенсіянер пакінуў залу. Разам з ім пайшла і прыкладна палова групы падтрымкі.

Відэаматэрыялы глядзелі ўжо без Матвеева. На адным з запісаў было бачна, што Матвееў і Нікіценка ідуць у самым канцы калоны.

Пасля перапынку Міхаіл Юрчанка абвясціў, што матэрыялы адміністрацыйных спраў у дачыненні да абодвух пенсіянераў вяртаюцца ў РАУС - на дапрацоўку.

Група падтрымкі падарыла Аляксандру Ільічу і Анатолю Яхімавічу кветкі. Каля будынку суду моладзь фатаграфавалася з імі на памяць і віншавала з такім зыходам справы на гэты момант:

- Добра хоць, што суддзя яшчэ разбіраецца, а не адразу «лепіць» штраф ці арышт, як гэта зараз бывае ў многіх выпадках.

Перад судом Аляксандр Нікіценка распавёў, як яго затрымалі:

- Мы з Анатолем стаялі каля прыпынку насупраць Лядовага палаца. Раптам з мікрааўтобуса вылецелі амапаўцы. Я нават не паверыў, што яны за намі! Матвеева збілі з ног і пацягнулі да машыны. Са мной таксама абышліся груба, уважаю, што зняважылі маю годнасць - чалавечую і грамадзянскую. Я папрасіў амапаўца, каб ён прадставіўся: «Вы ў масцы, можа, вы бандыт?». Ён мне ў адказ: «Цяпер табе пакажуць, хто я такі». Я не стаў супраціўляцца. Супраць сілы ж не пойдзеш. А ў міліцыі супрацоўнікі ўжо былі ветлівымі. Сказалі нам: не бойцеся, тут нікога не б'юць.

Анатоль Матвееў і Аляксандр Нікіценка - адзінокія людзі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках