26 красавiка 2024, Пятніца, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Электрамабіль заблукалага матацыкліста

55
Электрамабіль заблукалага матацыкліста

Дзіўныя навіны хвалююць краіну.

І распаўсюджваюць іх не ворагі і зайздроснікі, а самі стваральнікі гэтай маральна ўстойлівай вертыкалі. Адзін з іх увогуле вызначыўся нечуванай экстравагантнасцю. У дзень ведаў накіраваўся ў новую школу з звычайнай у такім выпадку місіяй: вучыць жыць.

Натхніўся. Захапіўся. І пачаў прыводзіць найярчэйшыя прыклады з уласнага жыцця.

Быццам бы аднойчы ў нейкай умоўнай прасторы ўбачыў яго на двухколавым матацыкле вядомы ўсім Ілан Маск. Спалохаўся не на жарт – гэтак усё прагрэсіўнае чалавецтва можа папросту асірацець. Чаго толькі не здараецца на дарогах, а тут усяго два колы! Хоць бы тры, а найлепш чатыры. І, як чалавек справавы, імгненна прыняў выратавальную пастанову. А зрэшты, слова – апавядальніку: «У мяне ёсць электрычная машына “Тэсла”, я часам яе тэстую. Маск падарыў – убачыў мяне на матацыкле і кажа: “Што гэта ў вас кіраўнік на двухколавым ездзіць?”»

Прывучаная да ўсяго падшэфная тэлевізія злёгку ашалела – ці варта такую гісторыю выпускаць у эфір? Але адзін з каналаў усё ж такі пагарачыўся. І дарма! Захваляваліся тут жа раварысты і самакатчыкі – яны ж таксама на двух колах. Нават тыя, хто абзавёўся некалі сігвеем, ужо цікавіліся шчыра: а ці нельга ім абмяняць гэты транспартны сродак хоць бы на тую ж мадэль SP 100 D коштам 150 тысячаў еўраў? А некаторыя адправілі Ілану Маску электронныя лісты з пытаннем пра сапраўднасць гісторыі з падоранай быццам бы «Тэслай». Сэнс адказу быў кароткім: «Uh no»!

Вось у такой дробнай і марнай пагоні за сенсацыяй страчваюцца сапраўдныя здзяйсненні, на якія такі багаты пачатак гэтай шчодрай восені. Ці шмат людзей ведае, што ўсенародная бітва за ўраджай скончылася нашай бясспрэчнай перамогай? А галоўная плантацыя краіны ўвогуле пабіла ўсе рэкорды. Там расце ўсё. Бурна. Няўхільна.

Усякія там суседзі і астатнія браты проста паніклі і разгубіліся, параўнаўшы канчатковыя вынікі. Знакамітыя некалі бахчаводы тапталіся збянтэжана ля запаветнага плоту – ахова была строгая і да крайнасці нязгодлівая. Убачыўшы фургоны, запоўненыя кавунамі нябачанай прыгажосці, паломнікі зразумелі, што ўсякае змаганне з тутэйшым умельцам проста бессэнсоўнае. І паклыпалі паныла да сваёй астраханскай бахчы.

А той самы ўдачлівы фермер краіны на ўсякія дробязі не звяртаў увагі. На ягоных плантацыях кіпела гарачая паравіна. Быццам з-пад зямлі ўзнікалі чародкі бойкіх дзяўчатаў і спрытных спартоўцаў. Выхаваныя ў строгасці, паслушэнстве, сваю справу ведалі. Ледзь паспелі прыбраць кавуны, як ужо настойліва заявіў пра сябе кроп. Падаспелі папая і маракуя. Панура даспяваў неспасціжны кумкват. А па той бок лірычнай сажалкі з безыменных кустоў ужо цяжкімі гронкамі звісала легкадумная чурчхела. Рыкалі цяляты. Бляялі авечкі, голасна заяўляючы пра свае правы на безумоўную ўвагу.

Час не чакае – сур'езна даводзілася рачкаваць. І не толькі добраахвотнікам і іншым энтузіястам. Гэта звыклыя нашы тэлемалюнкі ствараюць падманлівае ўражанне, быццам усё тут даецца лёгка і проста. А ў рэальнасці вертыкаль з яе маёмасным дадаткам – гэта катаржная праца і ўсялякая мітусня. Але ў любым выпадку тут відаць рэальны вынік – узорная гаспадарка. Здавалася б, жыві і радуйся. Але нават тут ужо адчуваецца нейкая недарэчнасць. Незразумелы і няўлоўны канфлікт са звыклым цягам часу, які ў мінулым снежні выйшаў раптам з-пад кантролю. І, як было сказана ў любімым блокбастары кіраўніка, стала ясна, што «недзе нешта не так».

Усё як быццам без пераменаў. Вось прашапаціць раптам вецер у прыдворным апельсінавым гаі. І нават здасца там нейкі цень, які нагадвае ўсё таго ж Ілана Маска, з якім цалкам можна б пагутарыць пра матэрыі ўзнёслыя і неспасціжныя. А ў глыбіні таго самага гайку ўжо выразна праглядаюцца нейкія барадатыя малойцы, якія нясуць да найбліжэйшага лужку нешта, што нагадвае аддалена новенькі электрамабіль, перавязаны падарункавай стужкай з мудрагелістым банцікам.

Але восеньскае святло мудрагелістае і зменлівае. І няцяжка заўважыць, што няма і ў памоўцы таго шчодрага дабрадзея, які так папросту раздае выпадковым матацыклістам падарункі коштам 150 тысячаў еўраў. А калі і ёсць там нехта ў гэтым зменлівым цені, дык гэта не інакш усходні сусед. І гэтыя падарункі не раздае. Прынёс, падобна, чарговую чорную адзнаку.

На мінулым тыдні тутэйшы прэм'ер і крамлёўскі аўтар снежаньскага ўльтыматуму радасна паведамілі тэлегледачам, што ўсе спрэчныя пытанні ў паглыбленні інтэграцыі ўжо знятыя. Пагадненне ўрадамі парафіраванае. Падрыхтаваная 31 дарожная карта. Прадугледжаная поўная ўніфікацыя ўсіх сфераў жыцця. Натуральна, паводле крамлёўскіх лекалаў. Адзіны рынак. Еўропа будзе проста шчаслівая: замест адной Расеі з'явяцца фактычна дзве. Вялікая і маленькая.

Але галоўны інтэгратар, які на ўсіх скрыжаваннях заяўляў, што мы з суседзямі адзін народ, бурную радасць герояў гэтага тэлесерыяла падзяліць не спяшаўся. Больш за тое, на адкрыцці Заходняга абходу ў Берасці ён увогуле заняпаў душой. «Усе хочуць уплываць. Але мой характар вы даўно ўжо ведаеце. Я не прымаю, калі пачынаюць уплываць празмерна на шкоду нашаму народу. Гэта недапушчальна. Вось гэта галоўнае – шматвектарная палітыка. Мы павінны глядзець на Усход і на Захад. Дарэчы, Расеі нас няма чым папракнуць. У іх нават арол двухгаловы – ён і туды, і туды глядзіць. І нам ніхто не забароніць глядзець у розныя бакі». Якое слова знойдзенае – забарона! Вось завітае з усходу нават не вышэйзгаданы арол, а які-небудзь унтар і ўсё забароніць. Ды яшчэ канфіскуе імем усё той жа дарожнай карты падораны клапатлівым мецэнатам электрамабіль. І што тады? Хіба пра гэта марыў кіраўнік, падпісваючы крамлёўскія паперкі?

Ён задумаў нешта надзвычайнае – нейкую ўтопію «на гэтым кавалку зямлі». Першабытнае грамадства часоў палявання на маманта. З магчымай цалкам здабычай і нязменным правадыром. Каб у выніку ўсе вакол зайздросцілі і захапляліся. Нават назва такому ўкладу прыдуманая была – краіна для жыцця. І ўсё ішло ў адпаведнасці з задумай. Але колькі траву ні фарбавалі і трыўмфальных арак ні ўзводзілі, задуманая будоўля далёка не прасунулася. Ён усё падлічыў, праверыў, прыкінуў і цвёрда пастанавіў: для заканчэння пачатага патрэбныя яшчэ пяць гадоў. Новы тэрмін. Прасцей кажучы, кадэнцыя. І няма чаго тут разважаць. Свет просты і адназначны. Калі не я, то хто?

А ў рэальнасці ўсё наадварот. Калі ніхто, то ён. Але пасля чвэрці стагоддзя бессэнсоўнай мітусні і фокусаў калгаснага цырка такое ўжо немагчыма. Катастрафічна змяніўся час. Нават партнёрам у паглыбленай інтэграцыі ён абрыд. А снежаньскі ўльтыматум увогуле зблытаў усе ягоныя карты. Засталіся толькі дарожныя. Трыццаць адна штука. Шулерская калода новага ўзору. Вялікая ладзіцца гульня. Таму, хто саступіць, нават абяцаны суцяшальны прыз – ранейшы сцяг над сельсаветам.

Аднак, як дакладна заўважыў усё той жа Ілан Маск, «Uh no»!

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Chrter97.org

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках