22 снежня 2024, Нядзеля, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Лукашэнка цяпер баіцца больш, чым калі-небудзь

33
Мікалай Статкевіч: Лукашэнка цяпер баіцца больш, чым калі-небудзь
Мікалай Статкевіч

Палітык распавёў, чым заходняя Беларусь адрозніваецца ад усходняй.

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч у рамках пікетаў збору подпісаў правёў сустрэчы з жыхарамі Берасця, Ліды, Гародні, Слоніма і Баранавічаў.

Пра тое, што адбывалася на сустрэчах, палітык распавёў сайту Charter97.org:

- З пятніцы да нядзелі мы аб'ехалі пяць гарадоў: Берасце, Ліду, Гародню, Слонім і Баранавічы.

Агульны настрой у людзей на ўсіх сустрэчах ва ўсіх гэтых гарадах ужо выказаны намі на лозунгу, які вісіць на стэндах на пікетах збору подпісаў: «Лукашэнка павінен сысці».

Шмат у каго, асабліва ў малых гарадах, гэты лозунг выклікае адначасова і сімпатыю, і асцярогі. Людзі, якія стаяць на пікетах збору подпісаў, распавядаюць, што тых, хто спачувае значна больш, чым тых, хто падышоў падпісацца. У разы больш людзей назірае за пікетамі з боку, з вокнаў, здалёк. Гэтыя людзі таксама падтрымліваюць лозунг «Лукашэнка павінен сысці», але думаюць, што калі выйсці цяпер з ім - з-пад зямлі выскачыць АМАП. Яны не разумеюць, што Лукашэнка цяпер баіцца больш, чым калі-небудзь, што яму на Захадзе ўсталявалі чырвоныя сцяжкі на час правядзення «выбараў».

Таму я ўвесь час кажу людзям: я прыехаў да вас падзяліцца нашай адвагай і нашай рашучасцю.

І вельмі радуе тое, што пад гэты лозунг - «Лукашэнка павінен сысці» - прыходзіць вялікая колькасць людзей, каб запісацца ў ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

Калі дзясяткі чалавек за адну гадзіну запісваюцца ў каманду «галоўнага ворага» Лукашэнкі - гэта кажа пра тое, што людзі пераадольваюць свой страх.

У кожным горадзе ўлады спрабуюць нам перашкодзіць. Палохаць нашых людзей папярэджаннямі за лозунгі на стэндах - гэты этап мы ўжо прайшлі. Цяпер сталі дасылаць яшчэ і правакатараў. Як правіла, гэта нейкія дзіўныя «пенсіянеры», напэўна, з пенсіямі за службу ў органах МУС, якія распавядаюць, як ім «добра жывецца». Але людзі хутка распазнаюць, хто ёсць хто, і самі нейтралізуюць такіх правакатараў.

Агулам у мяне ўражанне, што на захадзе Беларусі ў людзей больш надзеі і больш энэргіі.

Асабліва мяне ўразіў Слонім, дзе на сустрэчу прыйшлі блізу 150 чалавек. Маладыя, энэргічныя мужчыны падыходзілі, каб запісацца ў ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты ад БНК, прапанаваць сваю дапамогу і расказаць пра сваю рашучасць.

Часта людзі бяруць мікрафон і распавядаюць аб тым, што адбываецца ў іх горадзе. Учора адна жанчына ў Слоніме вельмі трапна, эмацыйна, пранікнёна распавяла пра тое, што адбываецца з нашай краінай.

Яна ўзяла мікрафон і адказала «брыгадзе пенсіянерак-правакатараў», якую часта дасылаюць на нашы сустрэчы. Яна сказала: «Паглядзіце, куды ідзе наша краіна. Калі ў маладых няма працы, калі заробкі сталі меншымі за пенсіі, калі моладзь з'язджае, калі начальства садзіцца на галаву і ўсіх абкрадае, калі краіна кудысьці апускаецца, у той час як суседзі падымаюцца, калі знікае наша мова, калі Лукашэнка прадае нашу будучыню Расеі». Гэта было вельмі пранізліва - людзі ёй проста пляскалі ў ладкі, гэта сапраўды дайшло да кожнага, можна сказаць, патрапіла ў самае сэрца.

- Якое ваша самае галоўнае ўражанне ад паездак па гарадах на захадзе Беларусі?

- Беларусь чакае пераменаў. Людзі пакуль яшчэ не перамаглі цалкам свой страх, але краіна прачынаецца. Цяпер у ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты ад БНК запісалася надта шмат чалавек. Гэта людзі, якія не баяцца пакідаць свае звесткі і кантакты і заяўляюць пра гатоўнасць удзельнічаць у нашай працы.

Гэта - новая, дэмакратычная сіла. Рэальная дэмакратычная сіла. Я спадзяюся, што да канца гэтай кампаніі ў маю ініцыятыўную групу запішуцца яшчэ тысячы чалавек. Гэта будзе сапраўды новая палітычная сіла пад кіраўніцтвам БНК.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках