26 красавiка 2024, Пятніца, 16:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія экспэрты: Сітуацыя з выбухам у Северадзвінску ўсё больш нагадвае Чарнобыль

20
Расейскія экспэрты: Сітуацыя з выбухам у Северадзвінску ўсё больш нагадвае Чарнобыль

Падзеі развіваюцца па падобным сцэнары.

Ужо чатыры расейскія маніторынгавыя станцыі, якія з'яўляюцца часткай міжнароднай сеткі, перасталі перадаваць інфармацыю пра радыёактыўны фон, пасля выбуху на вайсковым палігоне Северадзвінска 8 жніўня, паведамляе «Белсат».

З 13 жніўня не паступае інфармацыя са станцый на Чукотцы і Алтаі. Расея тлумачыць гэта так:

«Неабходна мець на ўвазе, што перадача звестак са станцый нацыянальнага сегмента міжнароднай сістэмы маніторынгу для любой краіны ёсць выключна добраахвотнаю справаю», - кажа намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў.

Ці з'яўляецца адмова расейскіх уладаў ад падачы інфармацыі жаданнем схаваць сапраўдную сітуацыю з радыяцыйным фонам?

«Радыеактыўныя рэчывы патрапілі ў навакольнае асяроддзе, мы ведаем, што афіцыйныя асобы хлусілі, спачатку казалі, то там кароткажывучыя выйшлі, потым, што інэртныя газы - няпраўда, праўду нам не сказалі», - каментуе «Белсату» інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі.

Мапа радыефону, якую апублікаваў у Твітэры выканаўчы сакратар Арганізацыі Дамовы пра ўсёабдымную забарону ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зэрбо, сведчыць пра тое, што воблака за дзесяць дзён ахапіла значную частку Расеі, Казахстана, Манголіі, цалкам накрыла некалькі сярэднеазіяцкіх рэспублік, накіраваўшыся да Аравійскага мора. З еўрапейскай часткі трохі закранула Украіны, аднак не дайшло да Беларусі і Польшчы.

«Добра вядомая гісторыя пасля Чарнобыля - малыя дозы радыяцыі, асабліва пры ўнутраным апрамяненні, калі людзі ўдыхаюць радыенукліды і яны асядаюць на лёгкіх - гэта вельмі небяспечна», - папярэджвае Ажароўскі.

Сітуацыя з выбухам на палігоне ўсё больш нагадвае Чарнобыльскую трагедыю - спачатку ўлады Расеі маўчаць пра здарэнне і толькі калі за межамі дзяржавы суседзі рэгіструюць рэзкае змяненне радыяцыйнага фону, Крэмль паведамляе пра выбух.

«Ніякай пагрозы там няма і ніякага павышэння фону там таксама не існуе. Туды накіраваны былі экспэрты, у тым ліку незалежныя экспэрты, якія кантралююць цяпер сітуацыю», - заявіў 19 жніўня на сустрэчы з Эмануэлем Макронам у Францыі Уладзімір Пуцін.

Адразу пасля здарэння на палігоне ў Северадзвінску «Расгідрамет» зафіксаваў перавышэнне дозы гама-выпраменьвання ад 4 да 16 разоў. Дагэтуль афіцыйна не вядомая прычына выбуху – Міністэрства абароны не раскрывае інфармацыі, а «Расатам» сцвярджае, што гэта - вынік працаў з рэактыўнай устаноўкай.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках