29 красавiка 2024, панядзелак, 12:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лашарык»: Прычынай пажару магло быць выпрабаванне новай зброі

«Лашарык»: Прычынай пажару магло быць выпрабаванне новай зброі

Чаму РФ хавае сапраўдныя прычыны інцыдэнту?

Сапраўдныя сістэмы бяспекі на падлодцы павінны выключаць дзеянні экіпажа для прадухілення наступстваў аварый, ператварыўшы любую патэнцыйную рызыку ў паслядоўнасць пратаколаў, выкананне якіх зводзіць яе да мінімуму, піша расейскае выданне newizv.ru.

Пра тое, што хаваецца за нежаданнем вайскоўцаў назваць сапраўдную прычыну гібелі «Лашарыка» і ягонага экіпажа, піша ў сваім блогу аналітык Анатоль Несміян:

«Раней неназваны высокапастаўлены вайскова-марскі чыноўнік, чые словы на пахаванні экіпажа станцыі АС-12 пра прадухіленне маракамі “глабальнай катастрофы” шырока разышліся, здабыў імя. Ім аказаўся памочнік камандавальніка расейскім Ваенна-марскім флотам Сяргей Паўлаў, які вёў жалобную цырымонію і, як паведамляюць у іншых крыніцах, быў яе распараднікам. Ягоныя словы выклікалі даволі сур'ёзны рэзананс.

Тым не менш пытанне, як менавіта шараговы пажар у акумулятарным адсеку мог стаць прычынай катастрофы названага глабальнага маштабу, застаецца нявысветленым. У тым выпадку, калі гаворка сапраўды ідзе пра няўдалае выпрабаванне новай зброі, то ва ўлады ёсць два магчымыя варыянты: альбо адкрыта прызнаць факт выпрабаванняў (урэшце, любы новы выраб або зброя для таго і выпрабоўваецца, каб ацаніць ступень яго надзейнасці і ўзяць да ўвагі вынікі гэтых выпрабаванняў надалей). Альбо прадаўжаць хаваць рэальную падаплёку таго, што адбылося, аднак тады неўнікнёна паўстане пытанне пра здольнасць (у тым ліку і тэхналагічную) сучаснай Расеі валодаць зброяй, якая здольная стварыць катастрофу глабальнага маштабу.

Добра, што ў гэты раз знайшліся 14 чалавек, якія закрылі сістэмную праблему сваім гераізмам. Гераізм – гэта заўсёды апошні рубеж, якім прыкрываюцца сістэмныя правалы. Яго вельмі любяць тыя, хто стварае гэтыя правалы. Ведаючы, што заўсёды знойдуцца тыя, хто рызыкне жыццём, каб няздарнае кіраўніцтва не выглядала тым, чым яно з'яўляецца на самай справе. Што адбудзецца, калі наступны раз герояў на месцы падзеяў не апынецца або іх намаганні будуць недастатковымі?

Любая складаная тэхніка (зброя ў тым ліку) – гэта заўсёды рызыка аварый і катастрофаў. Таму разумныя людзі ствараюць сістэмы бяспекі, якія павінны выключыць гераічныя дзеянні для прадухілення іх наступстваў, ператварыўшы любую патэнцыйную рызыку ў паслядоўнасць пратаколаў, выкананне якіх зводзіць яе да мінімуму. Праблема ў тым, што хлусня і хітрыкі зусім не спрыяюць упэўненасці, што такая сістэма на самай справе існуе. У адваротным выпадку не спатрэбіліся б гераічныя намаганні і гібель людзей».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках