29 красавiка 2024, панядзелак, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СК: Выканаўца забойства бізнэсоўца ў Беразіно - экс-супрацоўнік спецпадраздзялення

СК: Выканаўца забойства бізнэсоўца ў Беразіно - экс-супрацоўнік спецпадраздзялення
ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА, TUT.BY

У следства было некалькі версій гучнага злачынства.

У суд перададзеная крымінальная справа аб забойстве 41-гадовага бізнэсоўца з Беразіно Сяргея Мяцельскага. Злачынства было ўчыненае восенню 2016-га, і спачатку справа здавалася «вісяком». Толькі праз некалькі гадоў у следства з'явіліся абвінавачаныя, і галоўны фігурант - экс-супрацоўнік аднаго са спецпадраздзяленняў Беларусі. Пра гэта заявілі прадстаўнікі СК і МУС на брыфінгу, паведамляе tut.by.

У СК распавялі дэталі расследавання забойства Сяргея Мяцельскага - бізнэсоўца з Беразіно і былога работніка фінансавай міліцыі.

У дзень забойства, 26 верасня 2016-га, бізнэсовец, як звычайна, прыкладна а 9 гадзіне раніцы на сваім аўтамабілі выехаў з дома па справах у Менск. Каля дома, паводле звестак следства, да яго ў аўто сеў злачынец — а за горадам, на скрыжаванні дарог, стрэліў бізнэсоўцу ў галаву і падпаліў аўтамабіль.

Дзёрзкае злачынства і мінулае бізнэсоўца

«Злачынца дзейнічаў стрымана, ашчадна і дзёрзка (час гадзіна пік, актыўны рух транспарту) — усё гэта дазваляла зрабіць выснову аб смеласці злачынцы і наяўнасці ў яго пэўных прафесійных навыкаў», — кажа першы намеснік начальніка Галоўнай следчай управы СК Васіль Галь.

На гэта паказваў і той факт, што калі побач з падпаленай машынай спыніўся супрацоўнік МНС, які праязджаў побач, то злачынец не збег, а стрэлам спудзіў відавочцу. Пасля чаго вярнуўся да аўтамабіля і ўзмацніў агонь, у выніку аўтамабіль згарэў амаль цалкам.

«Слядоў на месцы злачынства, па якім можна было адшукаць злачынцу, не было выяўлена. Гэта акалічнасць наклала адбітак на тэрміны расследавання і ўстанаўлення асобы злачынца», — дадаў Галь.

Экспэрты сабралі антрапаметрычныя звесткі злачынцы: мужчына ўзростам блізу 40 гадоў, рост прыкладна 170 см, спартыўнага целаскладу і добрай фізічнай формы. Да справы прыцягнулі калег з Расеі, якім пасля працы з відавочцамі злачынства ўдалося «актывізаваць іх памяць і скласці суб'ектыўны партрэт злачынцы».

У следства было некалькі версій здарэння: забойства Мяцельскага даўжнікамі, спантаннае забойства (бізнэсовец перыядычна вазіў з сабой значныя сумы) або ў сувязі з ягонай працай і камерцыйнай дзейнасцю. А таксама забойства мужчыны кім-небудзь з ягонага атачэння — праз помсту, рэўнасць і гэтак далей.

Праваахоўнікі адпрацоўвалі кола стасункаў Мяцельскага (блізу 700 чалавек) і ўсе падзеі да забойства ў 2016-м. Высветлілася, што ў 2011 годзе выдаткі бізнэсоўца значна перавысілі афіцыйныя крыніцы даходу: ён набываў нерухомасць, даваў у пазыку значныя сумы - быў нават факт на 100 тысяч даляраў.

«Асаблівасць палягала ў тым, што пры гэтым Мяцельскі не складаў дакументы, усё афармлялася на давернай аснове або падстаўных асоб», - кажа прадстаўнік ГСУ СК. Але ў Беларусі ў бізнэсоўца не знайшлі контрагентаў, якія маглі быць крыніцай такога ўзбагачэння.

Сувязь з іншай справай. Адзін фігурант - былы супрацоўнік спецпадраздзялення

А вось у Расеі знайшлі шэраг фірмаў і арганізацый, з якімі супрацоўнічаў Мяцельскі - і не толькі ён, але таксама Андрэй Касяк, мэнэджар з Менска, якога забілі праз паўтара месяца пасля бізнэсоўца ў Беразіно. Высветлілася таксама, адкуль у Мяцельскага з'явіліся вялікія сумы: на другасным рынку жылля ён набываў і афармляў на трэціх асоб кватэры і дамы.

Калі ў следства з'явілася злучнае звяно - забойства мэнэджара Касяка — да справы падключыўся ГУБАЗіК МУС. Бо да таго моманту паводле справы аб забойстве мэеэджара былі абвінавачаныя.

«Фігуранты [Аляксей Сінькевіч і Расціслаў Светчыкаў] да таго моманту больш за год знаходзіліся ў СІЗА, усе метады і формы аператыўна-вышуковай дзейнасці ім былі вядомыя, што ўскладняла расследаванне. З улікам гэтага намі ўсё адно была праведзеная не адна аператыўная камбінацыя, тактычныя хады і аператыўная хітрасць - і ў кастрычніку 2018-га Сінькевіч напісаў прыход з павіннай, дзе паказаў пра вядомыя яму абставіны забойства Мяцельскага: а менавіта нібыта Светчыкаў папрасіў яго забіць Мяцельскага і нават назваў суму [замовы] 30 тысяч даляраў», - распавёў намеснік начальніка ГУБАЗіК МУС Уладзімір Ціхіня».

Другі фігурант, сам Светчыкаў, маўчаў. Але характарыстыка Сінькевіча, аператыўнікі кажуць, не дазваляла «да канца яму паверыць». Больш таго, у яго прыходзе меліся дэталі, якія мог ведаць толькі забойца. І праз нейкі час загаварыў Светчыкаў:

«Паказаў, што падвозіў Сінькевіча да месца забойства не аднойчы. І [у тым ліку да месца забойства] Мяцельскага, вымагалі пазыку ьблізу 500 тысяч даляраў, і іншыя абставіны», - кажа Ціхіня.

Следства прыйшло да высновы, што менавіта Сінькевіч і быў забойцам, а прыходам і ўказаннем на знаёмага хацеў выратаваць самога сябе. Выступоўцы спаслаліся на характарыстыку Сінькевіча: дзёрзкі, у канфліктных сітуацыях схільны да помсты, мае жаданне лідарства.

«Служыў не адзін дзясятак гадоў у спецпадраздзяленні РБ, падрыхтаваны, мог абыходзіцца са зброяй» — пералічвае Ціхіня. А вось Светчыкаў, якога першым абвінавацілі ў забойстве, перабіваўся падпрацоўкамі, займаўся спортам і апошні час працаваў кіроўцам таго самага мэнэджара Касяка.

Хацелі выбіць запазычанасць 400 тысяч, але выканаўца перастараўся

У выніку менавіта Сінькевічу выстаўленыя абвінавачванні ў забойстве, падпале аўтамабіля, вымагальніцтве і незаконных дзеяннях са зброяй. А другому фігуранту, Светчыкаву, - толькі ў вымагальніцтве.

«Было дакладна ўстаноўлена, што намеру на забойства Мяцельскага ў Светчыкава не было, было мэтай вымагальніцтва грошай», — адзначыў следчы ў асабліва важных справах Галоўнай следчай управы СК Дзмітрый Васюковіч.

У СК удакладнілі: Светчыкаў узяўся выканаць заказ трэцяга боку ў вяртанні пазыкі ад Мяцельскага на суму, большую за 400 тысяч даляраў. Ва ўзнагароду Светчыкаў разлічваў атрымаць 30 тысяч, а выканаўцам ён абраў Сінькевіча.

«Але меў месца эксцэс выканаўцы: Сінькевіч выйшаў за рамкі дамоўленасцяў, і так як Мяцельскі адмовіўся плаціць, то забіў», - казаў на брыфінгу прадстаўнік СК.

Патрабавальнік вяртання пазыкі вядомы следчым, але гэтыя звесткі будуць агучаныя ўжо ў судзе. 24 траўня крымінальную справу перадалі з пракуратуры на разгляд у Менскі абласны суд.

Забойства мэнэджэра ў Менску

Нагадаем, за забойства 41-гадовага мэнэджара Андрэя Касяка ў Менску восенню 2018-га былі асуджаныя 41-гадовы Аляксей Сінькевіч і 29-гадовы Расціслаў Светчыкаў. Іх прысудзілі да 23 і 24 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Забойства Андрэя Касяка, начальніка аддзела продажаў сталічнай кампаніі, здарылася ў лістападзе 2016-га. Напярэдадні ён збіраўся набыць новы аўтамабіль за 50 тысяч даляраў - паводле версіі следства, праз гэтыя грошы над ім расправіліся.

Злачынства было ўчыненае ў пейнтбольным клубе, які належаў таму самому Аляксею Сінькевічу. А з мэнэджарам яго пазнаёміў Расціслаў Светчыкаў, кіроўца самога Касяка. Цела забітага знайшлі не адразу, а толькі пасля вынясення прысуду паводле справы.

Дарэчы, на працэсе фігурантаў абвінавачвалі не толькі ў забойстве мэнэджара, але таксама вымагальніцтве 100 тысяч даляраў у сямейнай пары.

Забойства бізнэсоўца ў Беразіно

Раніцай 26 верасня 2016 года на выездзе з Беразіно (Менская вобласць) заўважылі падпалены аўтамабіль Audi Q5. На кіроўчым крэсле знайшлі цела загінулага мужчыны.

«Мясцовы бізнэсовец выехаў з дома, у яго дом на ўскрайку, каля лесу. Яго там непадалёк тармазнулі, застрэлілі, аўто падпалілі. Побач ехаў мясцовы пажарны на працу, бачыць: стаіць аўтамабіль, з яго дым ідзе, — адчыніў дзверы, убачыў цела, паспрабаваў яго дастаць, па ім з лесу страляць пачалі, каб адагнаць ад аўтамабіля. Ну ён - у машыну, па газах і ў міліцыю», - распавядаў Т мясцовы жыхар Віктар. Са слоў яшчэ аднаго мясцовага жыхара, ля аўтамабіля ўсё той жа выратавальнік убачыў «чалавека з падпаленай анучай, які кінуў яе на капот і ўцёк у лес».

У Беразіно мясцовыя ўжо тады не выключалі версію аб заказным забойстве. Са слоў родных, 41-гадовы бізнэсовец Сяргей Мяцельскі апошнім часам працаваў у Менску «антыкрызісным кіраўніком, груба кажучы». Да таго, як стаць прадпрымальнікам, мужчына паспеў прапрацаваць у фінансавай міліцыі ў Барысаве.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках