4 траўня 2024, Субота, 16:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэсты расейцаў на фоне падзення ўзроўню жыцця

1
Пратэсты расейцаў на фоне падзення ўзроўню жыцця
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Да чаго можа прывесці рост сацыяльнай напружанасці ў РФ.

Расейцы ў выніку шасці гадоў запар падзення рэальных прыбыткаў прадаўжаюць актыўна залазіць у пазыкі, набіраючы крэдыты. У красавіку гэтага года яны, паводле звестак Аб'яднанага крэдытнага бюро (АКБ), запазычылі ў банкаў блізу 800 млрд рублёў, што амаль на 200 млрд больш, чым за аналагічны перыяд летась, піша «Голос Америки».

«У красавіку 2019 года было выдадзена 3,28 мільёна новых крэдытаў агульнай сумай больш як 786,92 мільярда рублёў, – паведамляе АКБ. – Колькасць выдадзеных крэдытаў вырасла на 13%, аб'ёмы крэдытавання таксама выраслі на 13% у параўнанні з красавіком мінулага года, калі было выдадзена 2,91 мільёна крэдытаў на 694,23 мільярда рублёў».

У сувязі з гэтым эксперты выказваюць занепакоенасць тым, што расейцы ў найбліжэйшай перспектыве перастануць спраўляцца з пазыковым цяжарам. Цэнтрабанк з гэтай нагоды таксама б’е ў званы.

У адпаведнасці ж з свежай статыстыкай Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы, без малога траціна (29,6%) грамадзянаў адносіць сябе да бедных. Прычым іх дзель за год вырасла на 4,3 адсоткавага пункта.

У сваю чаргу, паводле праведзенага нядаўна апытання «Левада-Цэнтра», 2/3 сем'яў (65%) сем'яў у краіне на красавік гэтага года ўвогуле не мелі ніякіх ашчаджэнняў. Як адзначаюць сацыёлагі, летась адбылося «пагаршэнне сацыяльнага самаадчування» расейцаў, што ў немалой ступені выклікана пенсійнай рэформай, імклівым ростам коштаў і ўзмацненнем падатковага прэсу.

На фоне агульнага падзення ўзроўню жыцця расейцаў паступае ўсё больш паведамленняў пра акцыі пратэсту, якія спантанна ўзнікаюць з розных нагодаў у розных рэгіёнах – ад Інгушэціі да Архангельскай вобласці. Апошні рэзанансны скандал узнік праз намер мясцовых уладаў узвесці храм у адным з сквераў Екацерынбурга. Падзеі суправаджаліся маштабнымі арыштамі праціўнікаў будаўніцтва і вострымі каментарамі ў сацсетках, а закончыліся даволі нечакана. Гарадское кіраўніцтва пасля двухсэнсоўнай рэплікі прэзідэнта РФ Пуціна ўсё ж здало назад. Пытанне завісла ў паветры.

Дырэктар Інстытута глабалізацыі і сацыяльных рухаў Барыс Кагарліцкі мяркуе, што сацыяльная напружанасць у краіне расце і будзе расці далей. На ягоную думку, гэты працэс ішоў бы ў гэтым кірунку, нават калі б жыццёвы ўзровень грамадзянаў павышаўся.

«Усё роўна сітуацыя не змянілася, таму што сацыяльная напружанасць расце не толькі таму, што нам жывецца горш, але яшчэ і таму, што проста аб'ектыўна існуюць нейкія супярэчнасці ў грамадстве – класавыя, рэгіянальныя, прафесійныя, – якія нікуды не знікаюць у тым ліку ва ўмовах эканамічнага росту», – растлумачыў ён.

Адпаведна грамадскі пратэст у Расеі таксама прадоўжыць нарастаць, сцвярджае сацыёлаг: «А вось якую форму ён прыме, гэта будзе залежаць ад цэлага шэрагу абставінаў. Ад таго, напрыклад, як будзе паводзіць сябе ўлада, наколькі яна будзе дурная ці, наадварот, кемлівая ў сваіх спробах рэгуляваць сітуацыю, якая склалася. Ёсць варыянт, што яна будзе проста старацца ўсяляк задушыць незадаволенасць. Што адбудзецца на справе, мы ўбачым нават не праз гады, а ўжо цягам найбліжэйшых месяцаў».

Пакуль, заўважыў Барыс Кагарліцкі, дакладна ацаніць, паводле якога сцэнара пойдзе далейшае развіццё падзей, вельмі складана.

Тым часам рэйтынгі ўладаў усіх узроўняў упалі да рэкордна нізкіх паказнікаў. Не стаў тут выключэннем нават былы «тэфлонавы» рэйтынг Пуціна. Пры гэтым Крэмль робіць выгляд, што яго не хвалююць падобныя «дробязі».

Кіраўнік праграмы «Расейская ўнутраная палітыка і палітычныя інстытуты» Маскоўскага цэнтра Карнегі Андрэй Калеснікаў, аднак, не думае, што ўлады насамрэч безуважныя да беспрэцэдэнтнага зніжэння ўзроўню сваёй легітымнасці сярод насельніцтва.

«Проста мы спрабуем убачыць іхнюю актыўнасць у гэтым кантэксце ў выглядзе нейкіх рэзкіх крокаў, – разважае ён. – А на самай справе ў Крамлі займаюцца, у асноўным, рэгіянальнай палітыкай, тасуюць губернатараў, стымулююць іх працаваць лепш, каб здымаць сацыяльна-палітычнае напружанне за кошт больш-менш новай сістэмы кіравання».

Акрамя таго адбываюцца вельмі паказальныя арышты і распачынаюцца гучныя крымінальныя справы, якія таксама, увогуле, маюць у тым ліку маніпуляцыйную прыроду, мяркуе эксперт.

«Так у Крамлі спрабуюць уздзейнічаць на грамадскую думку, дэманструючы тым самым, што ўлада не дрэмле, змагаецца з карупцыяй, самаачышчацца. Таксама важны чыннік. Словам, нельга сказаць, што на вярхах спачываюць на лаўрах. Іншае пытанне, што эфектыўнасць іх дзеянняў вельмі сумнеўная. У эканоміцы, напрыклад, робіцца акцэнт на нацыянальных праектах, хоць да гэтага часу ніхто не зразумеў, што гэта такое», – падкрэсліў Андрэй Калеснікаў.

А галоўнае, на ягоны погляд, у тым, што ва ўладзе няма канцэпцыі будучыні краіны. Такім чынам, у грамадзянаў, якія думаюць, не можа быць упэўненасці ў заўтрашнім дні, канстатуе ён.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках