Дом Вольгі Нікалайчык узяла ў аблогу міліцыя
9- 25.03.2019, 14:38
- 22,323
Улады хочуць сапсаваць свята грамадскай актывістцы і рэжысёрцы.
Грамадская актывістка і рэжысёрка Вольга Нікалайчык распавяла сайту Сharter97.org, што яе каля дома чакае міліцыя:
- З 10 гадзін раніцы ў мае вокны пачалі стукаць незнаёмыя людзі. Я не выходжу з дома, бо ведаю з досведу мінулых гадоў, што мяне проста затрымаюць. Для хунты, якая знаходзіцца на чале Беларусі, сёння няма ніякага свята.
Вольга Нікалайчык адзначае, што фармальных прычын для яе затрымання няма:
- Запазычанасцяў у адміністрацыйных справах у мяне няма. Ёсць адзін неаплачаны штраф, але я яго абскардзіла ў Камісію правоў чалавека. Маю свабоду і правы абсалютна беспадстаўна парушаюць.
У гэтай краіне мяне арыштоўваюць абсалютна за ўсё. Таму я нават не збіралася ісці на канцэрт, які 24 сакавіка праходзіў у Кіеўскім скверы. Я ведала, што да сцэны проста не дайду, мяне арыштуюць.
Нягледзячы на пагрозу арышту, грамадская актывістка і рэжысёрка не губляе бадзёрасці духу. Вольга Нікалайчык павіншавала ўсіх беларусаў са святам Дня Волі:
- Віншую ўсіх вольных духам беларусаў са святам абвяшчэння БНР. Я веру, што ў нашага народа выстарчыць сіл і смеласці змяніць гэтую злачынную ўладу і мы будзем святкаваць Дзень Волі ў свабоднай Беларусі.