Польшча і Францыя заклікаюць да абнаўлення нормаў канкурэнтаздольнасці ў ЕЗ
- 22.02.2019, 20:39
- 7,826
На думку дзвюх краін, цяперашнія еўрапейскія прававыя нормы ўжо састарэлі.
Польшча і Францыя выступаюць за абнаўленне прынцыпаў канкурэнтаздольнасці ў Еўрапейскім звязе, паведамляе «Радыё Польшча».
Пра гэта ў Варшаве казалі польская міністарка прадпрымальніцтва і тэхналогій Ядвіга Эмілевіч і французскі міністр эканомікі і фінансаў Бруно Ле Мэр. Гаворка, між іншым, ідзе аб выдаванні магчымасці аб'ядноўвацца вялікім еўрапейскім гаспадарчым суб'ектам, а таксама аб выкарыстанні імі публічнай дапамогі.
На думку Ядвігі Эмілевіч цяперашнія еўрапейскія прававыя нормы ўжо састарэлі, таму еўрапейскім фірмам складана канкураваць з сусветнымі гігантамі.
«Вельмі моцная і агрэсіўная прысутнасць у Еўропе гаспадарчых суб'ектаў тых рынкаў, дзе няма высокіх патрабаванняў да вытворчасці і стандартаў па абароне навакольнага асяроддзя, патрабуюць ад нас новага падыходу. І Польшча будзе ўдзельнічаць у абмеркаванні гэтага пытання. Гэта будзе адна з самых важных тэм будучай Еўрапейскай камісіі. Сёння гэтую дыскусію мы пачынаем разам з нашымі французскімі партнёрамі», - сказала Ядвіга Эмілевіч.
Міністры Польшчы і Францыі абмяркоўвалі ў Варшаве таксама пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, сярод іншага ў сектары тэхналогій ашчаджання энэргіі і вытворчасці батарэек і акумулятараў.