Украінцы змогуць камунікаваць з дзяржаўнымі органамі праз мэсэнджары
- 6.12.2019, 16:02
- 5,699
Першыя чат-кансультацыі будуць запушчаныя для Міністэрства сацыяльнай палітыкі.
Урад Украіны мае намер даць магчымасць грамадзянам камунікаваць з дзяржаўнымі органамі пры дапамозе мэсэнджараў. Пра гэта 5 снежня ў Facebook заявіў міністр Кабінета Міністраў Дзмітрый Дубілет.
"Плануем запусціць магчымасць камунікаваць з дзяржаўнымі органамі праз мэсэнджары. Праз тыя ж мэсэнджары, якімі вы карыстаецеся кожны дзень у сваім смартфоне (таксама будуць вэб-версіі, калі няма смартфона або проста зручней з кампутара)", - адзначыў украінскі міністр.
Паводле ягоных слоў, гэтая пастанова знізіць кошт аднаго кантакту і дазволіць больш якасна абслугоўваць грамадзян.
Дубілет паведаміў, што Кабмін запускае пілотны праект, які дазваляе дзяржаўным службоўцам адказваць на запыты грамадзян у мэсэнджары з аддаленых працоўных месцаў.
"Гэта дазволіць арганізоўваць працоўныя месцы для дзяржаўных службоўцаў не толькі ў Кіеве, але і ў рэгіёнах. Прычым мы хочам зрабіць акцэнт на тых рэгіёнах, дзе складаней за ўсё знайсці працу. Напрыклад, гэта будзе адзін з варыянтаў працаўладкавання для тых дзяржаўных службоўцаў, якія трапілі пад нашу масавую аптымізацыю", - распавёў ён.
Дубілет падкрэсліў, што, у адрозненне ад тэлефоннага званка і папяровых запытаў, у перапісцы ў мэсэнджары лягчэй адсочваць выпадкі няякасных кансультацый.
Першыя чат-кансультацыі будуць запушчаныя найбліжэйшым часам для Міністэрства сацыяльнай палітыкі.
"Найбліжэйшыя месяцы хочам ахапіць усе асноўныя кірункі", - дадаў Дубілет.