26 лiстапада 2024, aўторак, 17:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На ўскраінах Дэбальцава ідуць жорсткія баі

3
На ўскраінах Дэбальцава ідуць жорсткія баі

У Дэбальцаве працягваюцца баі, украінскія вайскоўцы кантралююць горад Логвінава.

Са слоў журналіста Андрэя Цапліенкі баевікі захапілі чыгуначны вакзал і мясцовы аддзел міліцыі. Таксама пра гэта сёння на брыфінгу паведаміў спікер АТА Андрэй Лысенка, піша УНІАН.

«Украінскія вайскоўцы кантралююць горад Логвінава, часткова дэблакавалі і кантралююць дарогу на Дэбальцава. Цяпер на ўскраінах горада ідуць жорсткія баі, ёсць напружаная сітуацыя ў раёне чыгуначнага вакзала, але нашы вайскоўцы пазіцыі трымаюць», - сказаў Лысенка.

Ён зняпраўдзіў інфармацыю некаторых расейскіх СМІ, што ўкраінскія вайскоўцы нібыта праз страты пакідаюць пазіцыі пад Дэбальцавам. Са слоў Лысенкі, наадварот баевікі нясуць страты. «Вораг губляе ўсё больш і больш людзей і тэхнікі», - адзначыў Лысенка.

Аднак ужо двое сутак вайскоўцы 40-га батальёна тэрытарыяльнай абароны «Крыўбас» у атачэнні сепаратыстаў чакаюць падмогі ад Генштаба ці прадстаўнікоў АБСЕ. Пра гэта LB.ua паведаміў намеснік камбата Юрый Сінькоўскі праз тэлефон.

«Сітуацыя крытычная і абуральная. Не дачакаліся мы ўчорашніх абяцаных прадстаўнікоў АБСЕ, што яны з'явяцца там. Хлопцы практычна ў поўным атачэнні. Ідуць баі. Ёсць палонныя. 200-х і 300-х вывезці з апорных пунктаў не можам. Дарогі замінаваныя. А ўсе сядзяць, глядзяць, назіраюць, чакаюць канца батальёна», - сказаў палкоўнік Сінькоўскі, які мае кантакты з усімі «апорнікамі».

Паводле ягоных звестак, баі ідуць на ўсіх апорных пунктах, якія ўтрымлівае батальён. Аточаныя ўсе «апорнікі».

«Хлопцы пазіцыі не здаюць, мужна абараняюцца, але боепрыпасы не вечныя. Харчавання практычна няма. Маральны дух слабее, гледзячы на тое, як 300-ы быў лёгкім, ён жа стаў цяжкім, ён жа стаў 200-м. Маральны дух падае праз такое стаўленне - ні падмацавання, ні прадстаўнікоў АБСЕ. Ідуць атакі, ідуць баі, выбіваюць батальён. Хлопцы на месцах адступаць і здавацца не збіраюцца. Але занадта няроўныя сілы. Гэта ўсё вымотвае», - сказаў Сінькоўскі.

Ён падкрэсліў, што вайскоўцы спадзяюцца на дапамогу ад Генштаба, падмацаванне, альбо на контрнаступленне ці прадстаўнікоў АБСЕ, каб яны асвятлілі гэты факт на ўсю краіну. «Але наўпрост назіраць, як яны гінуць, немагчыма», - адзначыў Сінькоўскі.

У штабе АТА не змаглі ўдакладніць, што робіцца для дапамогі 40-му батальёну. «У мяне няма інфармацыі аб 40-м батальёне цяпер», - сказаў спікер АТА Андрэй Лысенка, апісаўшы сітуацыю агулам што да Дэбальцаўскага плацдарму.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках