«Беркут» разагнаў акцыю пратэсту на Майдане Незалежнасці ў Кіеве (Відэа)
46- 19.07.2013, 16:28
- 27,560
Акцыя пратэсту супраць міліцэйскага самавольства скончылася жорсткай зачысткай сёння ноччу.
Шэсце ў сталіцу Украіны пачалося з Урадзіеўкі, дзе нядаўна мясцовыя жыхары штурмавалі аддзяленне міліцыі. Пра пачатак бестэрміновай акцыі 7 ліпеня паведаміў кіраўнік грамадзянскага руху «Спільна справа» Аляксандр Данілюк. Галоўным патрабаваннем пратэстоўцаў было звальненне міністра ўнутраных спраў Украіны Віталя Захарчанкі і пераатэстацыя грамадскімі камісіямі ўсіх працаўнікоў міліцыі.
Шэсце прайшло праз некалькі буйных гарадоў і скончылася ва ўкраінскай сталіцы 18 ліпеня. Актывісты працягнулі акцыю на Майдане Незалежнасці.
Учора ўвечары там з'явілася некалькі палатак. Улады Кіева палічылі гэта парушэннем закона і запатрабавалі пратэстоўцаў пакінуць плошчу. Актывісты гэта патрабаванне адхілілі, пасля чаго вялікія сілы міліцыі сілай знеслі палаткі і разагналі мітынг, піша «Корреспондент».
Людзей выхоплівалі з натоўпу па адным і жорстка збівалі. Затрымана каля дзесяці чалавек. Суды, якія зараз праходзяць у Кіеве прысуджаюць іх да штрафаў, перадае «Тиждень».
Дасталося і журналістам, якія асвятлялі акцыю пратэсту. Вядома, што пацярпелі тры журналісты «5 канала», сярод якіх - Андрэй Кавалёў. Лекары зафіксавалі ў яго удар спіны і галавы, піша кіеўскі партал «Комментарии».
«Цяпер у бальніцы. Баліць спіна. Ударылі па галаве. «Беркут» біў і штурхаў бязбожна з матам. Наляталі, два разы збівалі з ног. Падлятае ззаду. Адзін крыкнуў: «Журналіст, б...! Але мне пох..., што ты журналіст. Думаеш, ты Бог?». Выводзілі людзей, затрымлівалі. У адзін момант нават ціснулі і збілі з ног мяне і Аляксандра Архата. Мы здымалі, зноў і зноў вярталіся на Майдан. Адарвалі гузік, удар спіны, трохі збілі па галаве», - напісаў ён у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
Збітыя знялі пабоі і напісалі заявы аб злачынстве. Ёсць падставы падазраваць міліцыянтаў у парушэнні арт 171 і 364 Крымінальнага кодэкса (перашкода журналісцкай дзейнасці, злоўжыванне ўладай).
Між тым, міліцыя адмаўляе ўжыванне сілы.
«Палаткі былі прыбраныя і каля дзесяці чалавек былі затрыманыя за невыкананне патрабаванняў міліцыі і спробы аказаць фізічнае супраціўленне праваахоўнікам», - распавялі ў ГУМВД у Кіеве.
Затрыманыя дастаўлены ў райаддзяленне, дзе на іх будуць складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Сілавікі заявілі, што дэмантажом палатак займаецца выключна ўпраўленне па добраўпарадкаванні, а праваахоўнікаў задзейнічаюць толькі для забеспячэння правапарадку, гэта значыць, нельга казаць пра тое, што мітынгоўцаў разганяла міліцыя.