Палітвязня Гайдукова этапуюць у Віцебск
10- 27.05.2013, 17:26
- 28,729
Абвінавачанага ў «здрадзе радзіме» Андрэя Гайдукова будуць судзіць у Віцебскім абласным судзе.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго маці Вольга Гайдукова.
«Андрэя неўзабаве этапуюць у Віцебск. Яго справу будзе разглядаць Віцебскі абласны суд, але, наколькі я ведаю, пакуль што сын знаходзіцца ў Менску», - адзначыла маці палітычнага вязня.
Яна дадала, што матэрыялы справы ўжо перададзеныя ў суд.
«Следства павінна было скончыцца 17 траўня, але яго зноў працягнулі на месяц, гэта значыць да 17 чэрвеня. У пятніцу ў Андрэя быў адвакат, і мы перадалі пасылку з прадуктамі і прадметамі асабістай гігіены. Мне да гэтага часу не дазваляюць сустрэцца з сынам. Я ўжо пісала заяву на імя старэйшага следчага, але мне было адмоўлена. Цяпер, калі матэрыялы справы перададзеныя ў суд, я яшчэ раз паспрабую дамагчыся дазволу на сустрэчу», - падкрэсліла Вольга Гайдукова.
Нагадаем, паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Гэта абвінавачванне многія лічаць бессэнсоўным. Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97».
Праваабаронцы пераслед Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.