26 лiстапада 2024, aўторак, 22:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марылуіза Бэк: Нельга забываць пра злачынства супраць Канавалава і Кавалёва

44
Марылуіза Бэк: Нельга забываць пра злачынства супраць Канавалава і Кавалёва

З нагоды прэзентацыі штогадовай справаздачы Amnesty International пра смяротнае пакаранне дэпутат Бундэстагу Марылуіза Бэк успомніла тэракт у менскім метро, а таксама расстраляных Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.

Як гаворыцца ў яе заяве, 11 красавіка 2010 года ў менскім метро адбыўся тэракт. Амаль праз год, у сакавіку 2011 года, абвінавачаныя ў ім Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі пакараныя смерцю. Працэдура, здзейсненая ў цэнтры Еўропы, была праведзеная варварскім спосабам: стрэлам у патыліцу. Увесь гэты час маці Уладзіслава Кавалёва змагаецца за тое, каб ёй выдалі цела сына. Беларускія ўлады дагэтуль адмаўляюць ёй у праве ведаць пра месца пакарання смерцю сына, а таксама пра дакладную дату яго смерці, паведамляе «Радыё Свабода».

Нямецкая парламентарка нагадвае, што судовы разгляд у справе двух маладых людзей прадэманстраваў усю неадпаведнасць паказальнага судовага працэсу прававым крытэрам: супярэчлівасць доказаў, запалоханасць сведак і іх вымушанае маўчанне, ігнараванне алібі абвінавачаных, нарэшце тое, што прызнанні асуджаных былі атрыманыя ў выніку катаванняў. Паводле існуючых канстытуцыйных нормаў, пакаралі нявінных людзей, гаворыцца ў заяве.

Марылуіза Бэк адзначае: «Гэтае злачынства супраць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва не павінна быць забытым. Мы заклікаем змагацца з агіднай практыкай смяротнага пакарання ва ўсім свеце, і асабліва на нашым кантыненце. Беларусь як апошняя краіна Еўропы, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне, павінна неадкладна ўвесці мараторый на яго».

За спыненне смяротнага пакарання ў Беларусі выступае і маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва — Любоў. Напярэдадні ў размове са «Свабодай» яна расказала, што ніколі не сумнявалася ў невінаватасці як свайго сына, так і яго сябра Дзмітрыя Канавалава.

Любоў Кавалёва паведаміла, што па-ранейшаму не мае аніякіх кантактаў з Дзімавымі бацькамі, але не сумняецца, што яны гэтак жа цяжка і балюча перажываюць яго смерць. Любоў Кавалёва дзеліцца сваімі меркаваннямі адносна таго, чаму маўчаць маці і бацька Канавалава:

«У ноч з 12 на 13 красавіка 2011 году арыштавалі не толькі Дзіму. Арыштавалі бацьку і старэйшага сына Сашу. Абодва яны знаходзіліся ў СІЗА 4 месяцы. Да чэрвеня. Што там адбывалася ўвесь час з гэтымі абодвума, што там увесь час адбывалася з мамай — аднаму Богу вядома. Маці ўсе 24 гадзіны ў суткі знаходзілася пад назіраннем. Яна і ў шпіталь трапляла, яе таксама адвозілі двойчы пад аховай ці то да псіхолага, ці то да псіхіятра… Ёй пагражалі — яна расказвала пра гэта на працы — калі раптам адкрые рот, то і мужу, і старэйшаму сыну гадоў 25 забяспечаныя.

На кантакты са мной маці Дзімы не ішла і не ідзе дагэтуль… Калі мы ў верасні 2011 году — тады толькі распачаўся судовы працэс — выпадкова сустрэліся з ёй раніцай ля дому, я спыталася, а чаму яе няма ў судзе. Яна адказала: не была і ня буду. Ад нечаканасці я расплакалася. А потым толькі зразумела, што гэта не яе словы. Я нават і ўявіць сабе не магла, што бацькоў не пусцяць на суд, а зробяць з іх нібыта сведак. Якімі мама ды тата могуць быць сведкамі, калі яны ў судзе ня вымавілі ані слова! Я памятаю, як іх пад канвоем прывялі ў судовую залю і як пад канвоем вывелі. Дзіму далі зразумець, што бацькі ў іх руках і калі ён штосьці скажа, то невядома, што будзе з ягонымі роднымі».

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках