Януковіч хоча сёння сустрэцца з Пуціным у Сочы
54- 6.12.2013, 11:46
- 31,498
Прэзідэнт Украіны ляціць з Кітая ў Расею.
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч мае намер па дарозе з Кітая, дзе ён знаходзіўся з візітам 3-6 снежня, наведаць Расею для сустрэчы з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным.
Пра гэта РБК-Украина паведаміла крыніца ва ўрадзе РФ.
Па словах крыніцы, сустрэча павінна адбыцца ў пятніцу ў Сочы. Пры гэтым яна не ўдакладніла час сустрэчы і тэму абмеркавання.
Афіцыйна ў прэс-службе Пуціна гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і не абверглі.
«У прэзідэнта РФ ёсць афіцыйнае прадстаўніцтва ў Інтэрнэце. Глядзіце інфармацыю там. Я яе пакуль не бачу. Чакайце, пакуль з'явіцца. Калі з'явіцца», - адзначыў прадстаўнік упраўлення прэс-службы і інфармацыі прэзідэнта РФ.
Нагадаем , ва Украіне другі тыдзень праходзяць акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі. Пратэсты набылі масавы і бесперапынны характар пасля 30 лістапада, калі «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў.
Ужо днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.
1 снежня ў Кіеве адбылося Народнае веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек. Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.
3 снежня Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.
Фота: AP