Апазіцыя зноў заблакавала трыбуну Вярхоўнай Рады
13- 5.12.2013, 11:13
- 18,583
Апазіцыя заблакавала трыбуну Вярхоўнай Рады Украіны, павесіўшы на яе дзяржаўны сцяг.
Пра гэта паведамляе карэспандэнт РБК-Украіна.
На дадзены момант трыбуну блакуюць каля 30 народных дэпутатаў «Батькивщины».
Нагадаем, учора ўкраінская апазіцыя таксама блакавала трыбуну Вярхоўнай Рады.
«Відавочна, мы будзем блакаваць працу парламента, там няма з кім весці перамовы (уладай)», - заявіў учора намеснік старшыні «Батькивщины» Аляксандр Турчынаў.
Акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі праходзяць ва Украіне другі тыдзень. 30 лістапада, каля 4 раніцы, «Беркут» сілай зачысціўшы Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў, якія выступаюць супраць непадпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам. Па медыцынскую дапамогу звярнулася 35 чалавек. 7 з іх шпіталізаваныя.
Днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.
1 снежня ў Кіеве адбылося Веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек.
Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.
Пазаўчора Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.
Фота: ru.tsn.ua