27 лiстапада 2024, Серада, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка рыхтуе новы «рэферэндум»

171
Лукашэнка рыхтуе новы «рэферэндум»

(абноўлена - 14:54) Канстытуцыю Беларусі зменяць.

Канцэпцыя рэфармавання судовай сістэмы і органаў юстыцыі, якая была адобраная 19 лістапада на нарадзе пад старшынствам Лукашэнкі, запатрабуе ўнясення змяненняў у Асноўны Закон Беларусі. Дыктатар даручыў распрацаваць адпаведныя дакументы ў дзесяцідзённы тэрмін.

Пра планаваную рэформу судовай сістэмы паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч.

У прыватнасці, паводле яго слоў, прадугледжанае канцэпцыяй аб'яднанне агульных і гаспадарчых судоў у адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі «магчыма без папярэдняй карэкціроўкі Канстытуцыі, але з наступным яе змяненнем у частцы выключэння згадкі пра Вышэйшы Гаспадарчы Суд».

«Пры гэтым раздзел Асноўнага Закона, у якім знаходзіцца шэраг артыкулаў, якія падлягаюць карэкціроўцы, можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму», прыводзіць словы чыноўніка прэс-служба кіраўніка.

Як адзначыў Міцкевіч, пры аб'яднанні агульных і гаспадарчых судоў у адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі будзе па сутнасці створаны адзіны вышэйшы судовы орган па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных і эканамічных справах - Вярхоўны Суд, які аб'яднаецца з Вышэйшым Гаспадарчым Судом.

«Гэта дазволіць уніфікаваць судовую практыку, забяспечыць аднастайнае тлумачэнне і прымяненне ўсімі судамі нормаў матэрыяльнага права, аблегчыць доступ да правасуддзя для грамадзян і арганізацый, выключыць магчымасць адмоваў у судовай абароне па прычыне непадведамаснасці спрэчкі тым ці іншым судам», - заявіў Міцкевіч.

Пры гэтым прапануецца захаваць гаспадарчыя суды абласцей як суды адпаведнай спецыялізацыі, пераназваўшы іх у эканамічныя, яны будуць ахопліваць усю сферу эканамічных адносінаў. Акрамя таго, вырашаюцца і іншыя звязаныя з аб'яднаннем пытанні, у прыватнасці, утварэнне ў Вярхоўным Судзе судовай калегіі па эканамічных справах, якую ўзначаліць намеснік старшыні Вярхоўнага Суда, пашырэнне кампетэнцыі пленума і прэзідыўма Вярхоўнага Суда з улікам надзялення іх паўнамоцтвамі па разглядзе эканамічных спраў, стварэнне агульных органаў судзейскай супольнасці, у тым ліку кваліфікацыйнай калегіі суддзяў, якія аб'яднаюць у сабе паўнамоцтвы дзеючых сёння асобных кваліфікацыйных калегій агульных і гаспадарчых судоў.

Прапанаваны механізм аб'яднання, на думку чыноўніка, дасць магчымасць таксама «забяспечыць адзінства падыходаў да пабудовы судовых сістэм з іншымі краінамі-удзельніцамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы».

Дыктатар даручыў да 1 снежня прадставіць яму дапрацаваныя праекты ўказаў і Дэкрэта.

Нагадаем, Канстытуцыя Беларусі ўжо некалькі разоў змянялася пасля правядзення «рэферэндумаў». Гэта адбывалася ў 1995, 1996 і 2004 гадах. Змены тычыліся палажэнняў пра дзяржаўныя мовы, сімволіку, паўнамоцтвы прэзідэнта. Апошні «рэферэндум» адмяніў абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў для Лукашэнкі. Апазіцыя і міжнародныя арганізацыі лічаць усе плебісцыты, якія праводзяцца на тэрыторыі нашай краіны пасля 1994 года, фальсіфікаванымі і не прызнаюць іх вынікі.

Фота: Коммерсант

Напісаць каментар 171

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках