«Уралкалій» канчаткова адмовіўся ад супрацоўніцтва з «Беларуськаліем»
23- 2.11.2013, 14:56
- 41,962
ААТ «Уралкалій» не праводзіла перамоваў з «Беларуськаліем» з нагоды аднаўлення сумесных продажаў калійных угнаенняў.
Рынак аднавіўся і больш не паралізаваны, заявіў дырэктар у продажах і маркетынгу расейскай кампаніі Алег Пятроў, паведамляе БелаПАН.
У канцы ліпеня «Уралкалій» абвясціў аб спыненні супрацоўніцтва з «Беларуськаліем» і выхадзе з сумеснага трэйдара - Беларускай калійнай кампаніі. Акрамя таго, расейскі вытворца прыняў пастанову аб змене сваёй стратэгіі. Яны сфакусаваліся на павелічэнні аб'ёму вытворчасці за кошт выхаду на поўны ўзровень загрузкі вытворчых магутнасцяў.
«Уралкалій» не вёў перамоваў з «Беларуськаліем» аб аднаўленні сумесных продажаў, на якія калісьці даводзілася 40% сусветных паставак гэтага віду угнаенняў», - заявіў ён.
Алег Пятроў адзначыў, што новая стратэгія кампаніі працуе - у верасні «Уралкалій» прадаў 850 тысяч тон хлорыстага калію, а ў кастрычніку - ужо прыкладна 900 тысяч тон угнаенняў. У тым ліку амаль 200 тысяч тон у кастрычніку прыйшлося на Індыю, 150 тысяч тон угнаенняў было рэалізавана ў Расеі і «добрыя аб'ёмы» па моры і жалезнай дарозе пастаўленыя ў Кітай.
Гаворачы аб укладанні новага кантракта з Кітаем, Пятроў адзначыў, што перамовы пачнуцца ўжо ў лістападзе, і да 1 студзеня 2014 года плануецца скласці пагадненне. Цэны на гэты від угнаенняў у Кітаі ў верасні - кастрычніку стабілізаваліся на ўзроўні 325-330 даляраў за тону на спотавым рынку. «Гэта можа стаць арыенцірам для будучых перамоваў паводле кантракту», - дадаў ён.
«Рынак аднавіўся і больш не паралізаваны», - заўважыў Пятроў. У кампаніі чакаюць, што попыт на хлорысты калій у наступным годзе значна павялічыцца і дасягне 58-60 мільёнаў тон.
Як паведамлялася раней, пасля выхаду расейскага «Уралкалію» з БКК і спынення экспартных продажаў праз Беларускую калійную кампанію на сусветным рынку калійных угнаенняў з’явілася нявызначанасць, і вытворцы сутыкнуліся з цяжкасцямі пры рэалізацыі сваёй прадукцыі.
Нагадаем, у жніўні 2013 у параўнанні з ліпенем экспарт беларускіх калійных угнаенняў у грашовым выразе знізіўся амаль удвая, сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі.
Паводле дадзеных за студзень - жнівень, экспарт беларускіх калійных угнаенняў склаў 1 млрд. 583,3 млн даляраў. Пры гэтым у студзені - ліпені экспарт калійных угнаенняў складаў 1 млрд 472,9 млн даляраў, у студзені - чэрвені - 1 млрд 269,5 млн даляраў.
Зрэшты, у жніўні экспарт беларускіх калійных угнаенняў склаў 110,4 млн даляраў і знізіўся ў параўнанні з ліпеньскім аб'ёмам (203,4 млн даляраў) амаль удвая. У папярэднія месяцы (у першым паўгоддзі) аб'ём беларускага экспарту калійных угнаенняў таксама, як правіла, перавышаў 200 млн даляраў у месяц.