Чаму паміраюць беларускія дактары?
16- 11.11.2009, 15:36
Усім медыкам у краіне павінны былі зрабіць прышчэпкі ад грыпу, але за апошнія дні ў Беларусі памерлі ўжо два дактары.
9 лістапада ў Гомелі ад пнеўманіі памерла супрацоўніца навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны. Як распавёў «Еўрарадыё» намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Міхаіл Праступін, прышчэпкі ад грыпу былі ў абавязковым парадку зроблены ўсім медыцынскім супрацоўнікам як прадстаўнікам «групы рызыкі».
«Паводле дадзеных, якія знаходзяцца ў мяне на стале, кампанія скончылася 6 лістапада», -- заявіў Праступін.
10 лістапада стала вядома пра яшчэ адзін смяротны выпадак ад пнеўманіі ў асяродку медыцынскіх работнікаў. У горадзе Горкі Магілёўскай вобласці сканала лекар. Чаму, калі ўсім медыкам зрабілі прышчэпкі, двое лекараў сталі ахвярамі смяротнай хваробы?
Як стала вядома, медыкаў у Магілёўскай ды Гомельскай абласцях прышчэплівалі французскай вакцынай, якую спецыялісты называюць «жывой». Яна ўтрымлівае аслаблены вірус.
Як распавяла загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення Магілёўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ларыса Ліпніцкая, тэарэтычна прышчэпка, калі яе ўвесці ў інкубацыйны перыяд, можа стаць прычынай пэўных ускладненняў. Не выключаны і лятальнага вынік.
«Хворым людзям нельга рабіць прышчэпкі, бо гэта можа справакаваць захворванне ці ўскладніць яго. Вакцыну нельга ўводзіць нават пры дробных прыкметах захворвання. Прычым усіх відаў. Калі вірус трапляе ў кроў, ён трапляе ў эпітэліяльныя клеткі і распаўсюджваецца вельмі хутка. Амаль адразу ж узнікае інтаксікацыя арганізму», -- заявіла доктарка.
Аднак,як паведамляе «Еўрарадыё», 30-гадовая супрацоўніца гомельскага Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі, якая загінула ад пнеўманіі, хварэла на свіны грып. Паводле дадзеных СМІ, гэта афіцыйна пацвердзілі мясцовыя ўлады.