Беларусь можа не атрымаць чарговы транш крэдыту МВФ
30- 11.11.2009, 9:18
На думку Леаніда Заікі, МВФ можа не даць грошай з-за таго, што ў Беларусі велізарнае адмоўнае сальда.
Днямі з'явілася інфармацыя пра тое, што Украіна з розных прычынаў не атрымае да канца 2009 года чацвёрты транш крэдыту stand-by ад Міжнароднага валютнага фонду. А гэта 3,8 мільярда даляраў. Фармальнай падставай адмовы стаў не так даўно прыняты закон аб падвышэнні мінімальнай зарплаты і пенсіі, на выкананне якога грошай у краіне няма.
Між тым да канца годы чацвёрты транш крэдыту stand-by павінна атрымаць і Беларусь. І зараз у Менску знаходзіцца місія МВФ, ад рашэння якой залежыць, ці атрымае Беларусь чарговы транш. Агульная сума крэдыту 3,52 мільярда даляраў. На сённяшні дзень у Беларусь прыйшло 2,23 мільярда.
Ці не пазбавяць грошай следам за Украінай і Беларусь? На думку эканаміста Сяргея Чалага, небяспека гэтага вельмі рэальная.
«Да лютага неабходна правесці пілотную прыватызацыю пяці прадпрыемстваў. І па гэтым пытанні зараз будуць галоўныя спрэчкі. Да таго ж ішла размова пра тое, каб да канца года стварыць «Агенцтва развіцця». Гаворка ішла пра тое, каб забраць у банкаўскай сістэмы функцыю абслугоўвання дзяржпраграмаў, якая не адносіцца да яе, і перадаць іх гэтаму Агенцтву. Ісці фінансаванне будзе не за кошт эмісійных грошай, а за кошт бюджэту. Калі гэтага ўсяго не будзе, дык цалкам магчыма, што адкладуць вылучэнне чарговага транша», - сказаў эксперт у інтэрв'ю «Еўрарадыё».
З тым, што грошай могуць не даць, згодны і кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка:
«Можна знайсці шмат прычынаў, з якіх можна лічыць нашую эканамічную палітыку небяспечнай і адмовіць у крэдыце. Масавай прыватызацыі не было, адмоўнае гандлёвае сальда. Ёсць вялікія праблемы з продажам: Беларусь страціла 80% продажу аўтамабіляў на расейскім рынку, 40% продажу трактароў. Ёсць небяспека падтрымкі валютнай палітыкі, звязанай з напалову страчанымі знешнімі рынкамі».
Тое, што магчымыя розныя варыянты развіцця падзеяў, прызнала і дарадца прадстаўніцтва МВФ па Беларусі Юлія Лыскова. Не выключаны варыянт, што чацвёртага транша не будзе.
«Гэта трэці агляд. І па выніках гэтага агляду будзе прынятае рашэнне наконт таго, ці будуць вылучаныя наступныя траншы, ці будзе прызнаны агляд скончаным. Усё можа здарыцца. Узровень выканання праграмы на канец верасня і верагоднасць таго, што яна будзе выкананая да канца снежня — менавіта гэта місія і разглядае. Але яна толькі пачалася», - адзначыла Юлія Лыскова.
Таму, кажа яна, не мае сэнсу спрабаваць угадаць, да якога выніку прыйдуць эксперты місіі. Між тым Сяргей Чалы лічыць, што лепш бы беларускае кіраўніцтва сур'езна ўзялося за ажыццяўленне распрацаванай для Беларусі праграмы эканамічнага развіцця. Хаця б таму, што лепшай няма.
«Гэта экстранае фінансаванне, але сэнс праграмы ў тым, каб гэтыя экстраныя праблемы не ператварыць у хранічныя. Гэта ў нашых жа інтэрасах выконваць гэтую праграму. На сённяшні дзень яна лепшая, чым любая праграма, якую ў нас хоць хто-небудзь пісаў», - лічыць эканаміст.
А вось Леанід Заіка сцвярджае, што ён бы наогул адмовіўся ад крэдыту МВФ.
«Я аналізаваў пагадненне. Беларусь павінна кожны дзень даваць справаздачу па паказчыках руху валютных рэсурсаў і грашовых плыняў. Раз у тыдзень — па паказчыках руху на агульных рахунках плацёжнага і гандлёвага балансу. І штомесяц павінны даваць пашыраныя дадзеныя ў Вашынгтон. Я не ведаю такіх пагадненняў больш ні з кім», - сказаў Заіка.
Эксперты лічаць, што МВФ — камерцыйная арганізацыя, якую больш за ўсё хвалюе тое, ці зможа краіна вярнуць узяты крэдыт.