Астраном ператварыў Starlink у штодзённы датчык стану атмасферы
- 25.09.2026, 20:21
Буры відаць з арбіты.
Астраном Тоні Філіпс ператварыў арбітальныя даныя сотняў спадарожнікаў Starlink у штодзённы паказчык змяненняў у верхніх слаях атмасферы Зямлі.
Пра гэта паведамляе Mashable.
Філіпс, які вядзе сайт SpaceWeather.com, назваў свой паказчык «планетарным барометрам», хоць ён адсочвае шчыльнасць паветра. Гэты метад ён апісаў у запісе ў блогу.
Нават на вышыні сотняў кіламетраў над Зямлёй атмасфера дастаткова шчыльная, каб ствараць супраціў. Калі сонечная энергія награвае верхнія слаі, яны пашыраюцца, і на шляху спадарожніка апынаецца больш часцінак. Павялічаны супраціў прымушае апарат хутчэй страчваць вышыню, калі ён не падтрымлівае арбіту з дапамогай рухавікоў.
Астраном аналізуе агульнадаступныя даныя пра арбіты. Яго паказчык штодзённай «хуткасці зніжэння» паказвае, колькі метраў за суткі страціў бы тыповы спадарожнік Starlink, знаходзячыся на вышыні каля 480 кіламетраў з выключанымі рухавікамі.
З пачатку 2026 года гэты паказчык вагаўся ад 19,7 метраў у спакойны жнівеньскі дзень да 127,6 метраў падчас магутнай геамагнітнай буры ў студзені. Самі апараты так нізка не апускаліся — гэтая лічба адлюстроўвае змены ў атмасферы.
Філіпс звярае вынікі з данымі спадарожнікаў Planet Labs, Kuiper (ад Amazon) і Eutelsat OneWeb. Апараты SuperDove кампаніі Planet карысныя тым, што не маюць рухавікоў, таму іх фактычнае зніжэнне дазваляе праверыць ацэнку, атрыманую для Starlink. Індэкс мае абмежаванні: арбітальныя даныя могуць згладжваць рэзкія змены, расцягваючы іх на некалькі дзён.
Атмасферны супраціў на аснове даных Starlink вывучалі і раней. Навіной стаў агульнадаступны паказчык, які абнаўляецца штодня. Скопішча спадарожнікаў над галавой па-ранейшаму непакоіць астраномаў, але менавіта яно дазваляе сачыць за станам атмасферы без новых запускаў.