25 верасня 2026, Пятніца, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: усяго дзве гадзіны на прыродзе на тыдзень могуць палепшыць здароўе

Навукоўцы: усяго дзве гадзіны на прыродзе на тыдзень могуць палепшыць здароўе

Прырода сапраўды дапамагае спраўляцца са стрэсам.

Шпацыры на прыродзе могуць прыкметна паляпшаць фізічны і псіхалагічны стан чалавека. Да такой высновы прыйшлі аўтары сотняў даследаванняў, якія вывучалі ўплыў зялёных прастораў на арганізм, настрой і працу мозгу, піша Psychology Today (пераклад — сайт Charter97.org).

Адно з першых вядомых даследаванняў правёў у 1984 годзе доктар Роджэр Ульрых. Ён параўнаў аднаўленне пацыентаў пасля аперацыі і выявіў, што людзі, з вокнаў якіх быў відаць зялёны краявід, прымалі менш абязбольвальных, хутчэй выпісваліся і лепш узаемадзейнічалі з медперсаналам.

Наступныя працы паказалі адразу некалькі эфектаў. Час на прыродзе звязаны са зніжэннем ціску і частаты сардэчных скарачэнняў, змяншэннем трывожнасці і стрэсу, а таксама паляпшэннем увагі, хуткасці выканання задач і творчых здольнасцяў.

У адным з даследаванняў 20 тысяч чалавек адзначалі свой настрой праз дадатак. Удзельнікі адчувалі сябе прыкметна шчаслівей, калі знаходзіліся на прыродзе, і гэты вынік захоўваўся незалежна ад надвор'я, часу сутак і кампаніі.

«Прыроднае асяроддзе дае чалавеку магчымасць аднавіцца, падвысіць стрэсаўстойлівасць і вярнуць сілы», — адзначаюць даследчыкі.

Навукоўцы таксама раяць не проста знаходзіцца на вуліцы, а звяртаць увагу на навакольнае асяроддзе — гукі, пахі, расліны, ваду і дэталі ландшафту. Нават кароткае назіранне за прыродай праз акно або за хатняй раслінай здольнае даць пэўны псіхалагічны эфект.

Даследаванні паказваюць, што аптымальным арыенцірам можа быць не менш за 120 хвілін на прыродзе на тыдзень. Гэты час неабавязкова праводзіць адным разам — яго можна размеркаваць на некалькі шпацыраў.

«Галоўнае — выйсці вонкі і сапраўды заўважаць тое, што вакол», — пішуць аўтары.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲