Навукоўцы: Нешта дзіўнае адбылося ў Арктыцы ў 2010 годзе
1- 23.09.2026, 9:59
- 14,566
У НАСА раскрылі таямніцу.
Сезон таяння марскога лёду ў Арктыцы ад 1979 года стаў прыкладна на 40 дзён даўжэйшым. Аднак каля 2010 года гэтая тэндэнцыя раптоўна спынілася – з таго часу працягласць перыяду таяння застаецца прыкладна стабільнай. Пра гэта сведчыць новае даследаванне пад кіраўніцтвам НАСА, паведамляе Portfolio.
Даследчыкі прааналізавалі спадарожнікавыя назіранні за 1979–2023 гады. Яны вызначалі, калі марскі лёд вясной пачынае таяць і калі восенню зноў замярзае. Высветлілася, што павелічэнне працягласці сезону таяння было звязана найперш з больш познім восеньскім замярзаннем, а не з тым, што вясновае таянне пачыналася раней.
Што адбылося каля 2010 года
Паводле даследавання, асноўная частка змен адбылася яшчэ да 2010 года. У 2000-х гадах хуткае скарачэнне ледзянага пакрову агаляла больш цёмную паверхню акіяна, якая паглынала больш сонечнага святла. З-за гэтага восеньскае замярзанне затрымлівалася, а сезон таяння станавіўся даўжэйшым.
Прыблізна з 2010 года сітуацыя змянілася. Іншыя асаблівасці воблачнасці прывялі да змяншэння колькасці сонечнага выпраменьвання, якое дасягае Паўночнага Ледавітага акіяну. Гэта, паводле высноў даследчыкаў, стабілізавала працягласць сезону таяння, хоць штогадовыя ваганні застаюцца значнымі.
У той жа час гэта не азначае, што арктычны лёд аднавіўся. Сучасны ледзяны пакров у асноўным маладзейшы і танчэйшы, чым шматгадовы лёд, які раней быў больш распаўсюджаным. Таму ён мацней рэагуе на змены воблачнасці, штармы і ветры.
«Працягласць сезону таяння цяпер у значна большай ступені залежыць ад атмасферных уплываў, бо лёд ужо стаў танчэйшы і больш уразлівы», – адзначыла сааўтарка даследавання, даследчыца лёду Цэнтра касмічных палётаў імя Годдара НАСА Лінет Буаваер.
Навукоўцы таксама папярэджваюць, што цяперашняя стабілізацыя можа аказацца часовай. На поўнач ад Грэнландыі і ў раёне Канадскага Арктычнага архіпелага дагэтуль захоўваецца тоўсты шматгадовы лёд. Калі ён будзе і далей станчацца, гэта можа справакаваць новую хвалю хуткай страты лёду.
Паводле даследавання, Арктыка працягвае цяплець амаль у чатыры разы хутчэй, чым у сярэднім па свеце, а астатні ледзяны пакров значна танчэйшы, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму.