СМІ: У рэстаране ў цэнтры Масквы спрабавалі падарваць галоўнакамандуючага расійскіх ВКС Чайку
13- 2.08.2026, 8:46
- 13,144
Устаноўлены асобы траіх загінулых.
У рэстаране на Кудрынскай плошчы у Маскве адбыўся падрыў самаробнай выбуховай прылады, паведамляе ТАСС са спасылкай на заяву інфармацыйнага цэнтра Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта.
Падчас выбуху загінулі трое: наведвальнік рэстарана, яго ахоўнік і жанчына, якая спрабавала пранесці ў будынак бомбу, раненні атрымаў 21 чалавек, піша The Moscow Times.
Мэтай выбуху былі госці прыватнага мерапрыемства на верандзе рэстарана Balzi Rossi, піша «Коммерсант». Паводле звестак выдання, вечарынка старанна ахоўвалася. Жанчына, якая спрабавала пранесці ўнутр выбуховую прыладу, сказала ахоўніку, які яе спыніў, што нясе падарунак у каробцы, аднак супрацоўнік аховы вырашыў праверыць каробку, і ў гэты момант адбыўся выбух.
«Бомбу падарвалі дыстанцыйна. Сіла выбуху была эквівалентная кілаграму трацілу, а сама прылада нашпігаваная металічнымі шарыкамі, таму пацярпелі і людзі, якія знаходзіліся на верандзе рэстарана», — распавёў крыніца выдання. Паводле яго даных, жанчыну-кур’ера «літаральна разарвала на часткі», яе руку знайшлі на дарозе больш чым у дзесяці метрах ад месца выбуху.
Выданне ASTRA са спасылкай на відавочцу паведаміла, што ў Balzi Rossi адзначалі дзень нараджэння генерала. 1 жніўня дзень нараджэння святкуюць два расійскія генералы: генерал-маёр Уладзімір Селіверстаў, які камандаваў 106-й дывізіяй ВДВ і ўдзельнічаў у наступе на Кіеў у 2022 годзе, і генерал-лейтэнант Аляксандр Ярашэвіч — начальнік дэпартамента транспартнага забеспячэння Мінабароны, піша ваенны аналітык Ян Матвееў. «Але, вядома, маглі і не адзначаць у сам дзень. Ёсць здагадка, што там была вечарынка ў гонар галоўнакамандуючага расійскіх ВКС Чайко», — адзначае Матвееў.
На карысць версіі пра тое, што ў Balzi Rossi дзень нараджэння святкаваў Чайко, сведчыць відэа, якое апублікаваў украінскі блогер Анатоль Шарый. На ім бачная зала рэстарана, на сцяне якой размешчаны банер «Аляксандру — 55 гадоў». 27 чэрвеня Чайку споўнілася 55 гадоў.