Гараць танкер і рэзервуар з палівам: дроны масіравана атакавалі расійскі Таганрог
13- 30.05.2026, 8:29
- 9,156
У порце таксама палае адміністрацыйны будынак.
У ноч на 30 мая Растоўскую вобласць у Расіі масіравана атакавалі беспілотнікі. Пад удар трапіў горад Таганрог, дзе прагрымела серыя выбухаў і фіксуецца ўзгаранне ў раёне порта, паведамляе «Фокус».
У выніку абстрэлу ў мясцовым порце ўзнік пажар на танкеры, таксама палае рэзервуар з гаручым. Пра гэта паведаміў губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар, які пацвердзіў масіраваную атаку на рэгіён у сваім Telegram-канале.
Па звестках расійскага чыноўніка, у порце таксама загарэўся адміністрацыйны будынак. Інфармацыі пра пацярпелых або разбурэнні няма, дадаў Слюсар.
Акрамя таго, губернатар паведаміў пра «знішчэнне дронаў» у Таганрогскім, Чарткоўскім, Матвеева-Курганскім, Неклінаўскім раёнах.
«У вёсцы Грэкава-Цімафееўка Матвеева-Курганскага раёна ў выніку падзення абломкаў беспілотнага лятальнага апарата адбылося ўзгаранне газавай трубы ў доме, пашкоджаны дах і шкленне», — дадаў Слюсар.
Пад раніцу ў мэрыі Таганрога паведамілі, што пажар у порце, выкліканы атакай дронаў, нібыта ўдалося ліквідаваць. Разліву нафтапрадуктаў у выніку абстрэлу не было зафіксавана.
Варта адзначыць, што ў ноч на 30 мая беспілотнікі таксама атакавалі Краснадарскі край РФ і акупаваны Крым: аналітыкі паведамілі, што пад ударамі маглі апынуцца мясцовыя нафтабазы.