Сібіга: Украіна гатовая ўнесці свой уклад у разблакаванне Армузскага праліва
- 2.04.2026, 20:11
Кіеў прапануе сваю дапамогу ў абароне стратэгічных марскіх шляхоў.
Баявы досвед Украіны ў супрацьдзеянні марскім блакадам можа быць карысным для абароны суднаходства ў Армузскім праліве з-за дзеянняў Ірана.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Падчас міжнароднай сустрэчы па аднаўленні свабоды суднаходства кіраўнік МЗС падкрэсліў, што іранскі тэрор не з’яўляецца абстракцыяй для ўкраінцаў, якія штодня сутыкаюцца з атакамі дронаў Shahed.
Сібіга правёў прамую паралель паміж блакадай Чорнага мора расіянамі і цяперашняй сітуацыяй у Армузскім праліве.
Па яго словах, тэрарыстычныя рэжымы абменьваюцца досведам, а Іран ператварае энергію ў зброю гэтак жа, як РФ спрабавала паступіць з харчамі.
«Тое, што Іран робіць сёння ў Армузскім праліве, Расія рабіла ўчора ў Чорным моры. Праблема ў тым, што Іран вывучыў памылкі Расіі і зрабіў з іх высновы», — падкрэсліў міністр.
Украіна ўжо накіравала спецыялістаў у краіны Блізкага Усходу для ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы бяспекі. Сібіга нагадаў, што ЗСУ ўдалося прарваць расійскую блакаду дзякуючы марскім дронам і рашучай стратэгіі.
«Больш не існуе ізаляваных рэгіянальных канфліктаў. Баявы досвед Украіны каштоўны для Блізкага Усходу. Глабальная бяспека ўзаемазвязаная», — адзначыў кіраўнік МЗС.
Ён дадаў, што Украіна гатовая ўносіць свой уклад у абарону свабоды суднаходства і працаваць з партнёрамі, каб пакласці канец блакадзе.