Значная тэмпературная анамалія замарозіць Беларусь у красавіку
1- 2.04.2026, 18:47
- 5,362
Будзе да -5°С.
У Telegram-канале «Метеовайб» паведамілі 2 красавіка пра сур'ёзнае пахаладанне, якое чакае беларусаў на тыдні з 6 красавіка. У некаторых раёнах рэспублікі слупок тэрмометра можа паказаць уначы -5°С і нават ніжэй. Параўналі гэты прагноз з інфармацыяй дзяржаўных сіноптыкаў Белгідрамета.
Спецыялісты «Метеовайба» расказалі, што на большай частцы краіны чакаюцца замаразкі на бліжэйшым тыдні. Пахаладанне прыйдзе не адно, а з кампаніяй трайных змяшаных ападкаў — дажджу, мокрага снегу і снежнай крупы.
Яшчэ вернецца падступная галалёдзіца, а ж нядаўна беларусы ўпершыню ў 2026 годзе з ёй развіталіся. Ансамблевы прагноз Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я (ECMWF) паведамляе пра значную адмоўную тэмпературную анамалію на наступным тыдні.

Белгідрамет пацвердзіў набліжэнне пахаладання. Паводле слоў сіноптыкаў, Беларусь у бліжэйшыя дні апынецца ў цыклонічнай цыркуляцыі, надвор'е стане неўстойлівым.
Цыклонічная цыркуляцыя — гэта калі паветра закручваецца вакол вобласці паніжанага ціску і адначасова сцякае да яе цэнтра. З-за такога руху паветра падымаецца ўверх, таму часцей утвараюцца воблакі, ападкі і ўзмацняецца вецер.
Метэаролагі расказалі, што ў панядзелак, 6 красавіка, на большай частцы рэспублікі пойдуць дажджы. Раніцай і ўдзень лакальна ўзмоцніцца вецер з парывамі да 15–20 м/с. Уначы слупок тэрмометра пакажа +1..+8°С, пры праясненнях на ўсходзе — 0..-3°С.
Паводле шкалы Бофорта, якая вымярае сілу ветру, вецер ад 13,9 да 17,1 м/с лічыцца моцным. Пры такой стыхіі хістаюцца ствалы дрэў, гнуцца буйныя галіны, цяжка ісці супраць ветру.
А вецер ад 17,2 да 20,7 м/с — гэта вельмі моцны вецер. З-за яго ламаюцца тонкія і сухія галіны дрэў, ісці супраць парываў вельмі складана.
Удзень сціплае цяпло яшчэ паспрачаецца за свае правы: чакаем +7..+14°С, на паўднёва-ўсходзе — да +16°С, перадала агенцтва БелТА.

А ўжо ў аўторак, 7 красавіка, беларусы адчуюць пахаладанне: начная тэмпература — ад -3 да +4°С, удзень паветра прагрэецца да +3..+10°С, на паўднёва-захадзе — да +12°С. У Белгідрамеце расказалі, што ва многіх раёнах Беларусі варта падрыхтавацца да мокрага снегу і дажджу. Добрая навіна ў тым, што яны будуць кароткачасовымі.
Уначы і раніцай магчымы слабы галалёд. А вось вецер, наадварот, няслабы — з парывамі 15–20 м/с.
Мокры снег і дождж не пакінуць краіну і ў сераду, 8 красавіка. Іх чакаем ва многіх раёнах Беларусі, у некаторых — слабы галалёд. Паводле слоў спецыялістаў, у гэты дзень падзьме вецер з парывамі 15–18 м/с.
Уначы тэмпература будзе каля нуля (ад -3°С да +3°С), удзень — +2..+9°С.