У адным з рэгіёнаў Беларусі — ўспышка сказу
- 2.04.2026, 12:06
- 1,636
Асноўнымі пераносчыкамі інфекцыі па-ранейшаму застаюцца лісы.
У адной з вобласцяў Беларусі зафіксавана ўспышка сказу, паведамляе дзяржаўнае тэлебачанне.
Найбольш напружаная сітуацыя складваецца ў Брэсцкай вобласці, дзе спецыялісты адзначаюць прыкметны рост выпадкаў захворвання сярод жывёл. Так, за студзень–люты было праведзена каля 280 даследаванняў, і ў 25 з іх пацвердзіўся вірус сказу — гэта прыблізна ў пяць разоў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Як удакладняецца, асноўнымі пераносчыкамі інфекцыі па-ранейшаму застаюцца лісы. Найбольшая колькасць выпадкаў зарэгістраваная ў Брэсцкім і Маларыцкім раёнах.
Эксперты таксама звяртаюць увагу, што інфікаваныя жывёлы не заўсёды праяўляюць агрэсію. Наадварот, яны могуць паводзіць сябе спакойна, набліжацца да людзей, заходзіць у населеныя пункты і на дачныя ўчасткі. Такія паводзіны ўжо самі па сабе лічацца трывожным сігналам, бо дзікія жывёлы, якія не баяцца чалавека, з высокай верагоднасцю могуць быць інфікаваныя.
Сказ перадаецца праз укусы, драпіны, а таксама пры трапленні сліны інфікаванай жывёлы на скуру.