«У мяне быў шок, я ўпала на дзіця»
10- 5.03.2026, 10:53
- 3,416
Беларуска распавяла пра перажытую атаку ў Дубаі.
— Не было ні сірэн, ні папярэджанняў. Проста затрасліся вокны — і слуп чорнага дыму, — распавядае «Еўрарадыё» беларуска Святлана [імя зменена], якая жыве ў Дубаі.
28 лютага горад апынуўся пад атакай дронаў і ракет з боку Ірана: выбухі было чуваць у розных раёнах, частка мэтаў знаходзілася побач з турысцкімі славутасцямі і портам.
Улады паведамлялі пра працу СПА. Абломкі падалі ў жылых кварталах, аэрапорты часова спынялі працу, а жыхарам сярод ночы прыходзілі SMS-паведамленні з просьбай тэрмінова шукаць сховішча.
У інтэрв'ю Святлана ўспамінае пра тое, як яна з дзіцем перажыла тую ноч, і распавядае пра тое, што адбываецца ў Дубаі цяпер.
Палову дня адказвала, што ўсё спакойна
— Раніцай 28 лютага мне пачалі пісаць знаёмыя з пытаннем: «Ну як вы там?» Палову дня я адказвала: ды ладна, у Дубаі ўсё спакойна, фэйк-ньюс, звычайны дзень. На дарогах быў спакойны рух, мы з дзіцем пасля абеду паехалі ў гульнявую і пратусаваліся ў моле дзве гадзіны. Прыехалі дадому, я села чытаць дзіцяці кніжку, пакуль гатавалася ежа.
Я жыву на ўзбярэжжы, праз дарогу — лінія гатэляў і прыгожая прагулачная зона з выглядам на кола агляду і Bluewaters. Мы там перыядычна гуляем.
І раптам пачынаюць трасціся вокны, гучны гук — ба-бах. Я адкрываю шторы і бачу слуп чорнага дыму, агонь. Карацей, дрон трапіў у гатэль, які знаходзіцца прыкладна ў васьмісот метрах ад нашага дома.
Не было ні сірэн, ні якіх-небудзь іншых знакаў, што нешта здарыцца. Гэта было самае страшнае.
Ёсць адчуванне, што Дубай увогуле не гатовы да таго, што яго будуць бамбіць. Ніхто гэтага не чакаў, і нічога да гэтага не было гатова.
У мяне быў шок, я ўпала на дзіця. Дзіця не зразумела, у чым справа. Мы сказалі, што ў гатэлі насупраць пажар, і паспрабавалі яго супакоіць. Па-вячэралі і леглі спаць.
Муж сказаў: давай збяром трывожную сумку на ўсякі выпадак. Гэта было добрае рашэнне. Апоўначы мы леглі спаць, а потым раздаліся гучныя гукі.
Прыйшло апавяшчэнне на тэлефон — і на тым дзякуй. У ім было напісана: «Неадкладна знайдзіце сховішча». Якое сховішча?..
Мы сядзелі на паркінгу да трох ночы
У мяне быў досвед жыцця пад бамбёжкай у Ізраілі. Ізраіль да гэтага падрыхтаваны значна лепш. Там заўсёды прыходзіць апавяшчэнне на тэлефон, калі нешта адбываецца. Ты ведаеш, колькі хвілін у цябе ёсць, можаш паспець нешта ўзяць з сабой. У многіх проста ў доме ёсць пакой бяспекі — мамат.
А тут няма ні сховішчаў, ні сістэмы апавяшчэння. Добра, што хоць сігнал праз мабільны тэлефон прыйшоў.
Мы схапілі трывожны чамаданчык — у ім была вада, нейкія цацкі — і пабеглі на паркінг. Было відавочна, што трэба хавацца і хаця б адысці далей ад вокнаў.
З 00:30 і прыкладна да трох ночы мы сядзелі на паркінгу, таму што бамбілі з усіх бакоў, атака была вельмі інтэнсіўнай. Бамбілі порт недалёка ад Пальмы, былі магутныя выбухі. ААЭ у большасці збівалі дроны і ракеты, але аскалкі ўсё роўна падалі, пашкоджанні былі. Зразумела, што фэйк-ньюсу аказалася больш, чым рэальных разбурэнняў.
Мае падругі жывуць у Business Bay [буйны дзелавы і жыллёвы раён у самым цэнтры Дубая, — Еўрарадыё], яны бачылі, як збівалі дроны. Мэтамі абстрэлу былі славутасці Дубая.
Я думаю, гэта можна назваць дэманстрацыяй сілы, зайздрасцю і зласцю. Як потым напісалі СМІ, атака на Дубай была звязаная з тым, што тут ёсць базы ЗША, але мне здаецца, што гэта ў цэлым дэманстрацыя агрэсіі і сілы.
Цяпер усё працуе, але краіна не была гатовая
Што да наступнага дня: многія пачалі панікаваць, нехта начаваў на паркінгу. А трэцяй гадзіне ночы з намі звязаліся сябры — яны жывуць у іншым, больш аддаленым раёне. Раён называецца Dubai Creek, ён знаходзіцца на асобным востраве. Там усё працуе, прагулачная набярэжная адкрытая — імітацыя нармальнага жыцця. Выбухі чутныя, але аддалена.
Спачатку была спроба навесці паніку: службы дастаўкі не працавалі палову дня, але потым усё аднавіліся. Раніцай пайшлі закупляцца прадуктамі — ужо была чарга, людзі скуплялі ваду.
Цяпер усё працуе: у крамах усё ёсць, дастаўка працуе, прывозяць каву, ваду. У Дубаі з прадуктамі харчавання праблем няма. Мы думаем пераседзець, паглядзець, што будзе далей, а потым прымаць рашэнне. На лета мы ў любым выпадку плануем з'язджаць, але калі сітуацыя будзе пагаршацца, магчыма, з'едзем раней.
Калі ўсё хутка супакоіцца, тыдні за два, то проста пажывём у іншым раёне — без славутасцяў, які падаецца больш спакойным.
У цэлым мы дакладна плануем вярнуцца восенню, бо дзіця ходзіць тут у дзіцячы садок, і тут жа плануем ісці ў школу — калі не будзе жудасных сцэнарыяў.
Большая частка маіх знаёмых засталася ў Дубаі. Садкі і школы закрытыя да 4 сакавіка, біржы таксама. Большасць рэстаранаў і гандлёвых цэнтраў адкрытыя. Людзей на вуліцы няшмат, але часткова гэта звязана з Рамаданам.
Я не магу сказаць, што людзі ў паніцы, але відавочна, што краіна не была гатовая да атакі. Афіцыйныя СМІ не паведамляюць нічога, апроч таго, што пра нашу бяспеку клапоцяцца, як могуць.
Яшчэ было апублікавана папярэджанне, што за фэйк-ньюс будзе штраф ад 30 тысяч долараў.
Улады паводзяць сябе максімальна прыветна: сказалі, што аплацяць турыстам усе выдаткі, звязаныя з адменай рэйсаў. Гэта выглядае так, быццам яны падтрымліваюць насельніцтва, але пры гэтым няма ні сістэмы апавяшчэння, ні сховішчаў.
На дадзены момант у ААЭ знаходзіцца больш за 2,5 тысячы турыстаў з Беларусі
У апошнія гады Дубай і іншыя гарады Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў падарожнікаў. Як паведамляюць у Нацыянальным агенцтве па турызме, на дадзены момант у ААЭ знаходзіцца больш за 2,5 тысячы турыстаў з Беларусі.
— Панікі, вядома, у гэтыя дні шмат, — кажа адзін з беларусаў.
— Пакуль рэгулярныя авіязносіны з Мінскам адмененыя, беларусы спадзяюцца на вылёт 6 сакавіка, — каментуюць сітуацыю эксперты VisaFlow. — Шмат якія пляжы ў Дубаі цяпер закрытыя, але грамадскія месцы даступныя. У цэнтры горада ў цэлым спакойна, людзі ходзяць і гуляюць — тут усё ок.
Пакуль паветраная прастора закрытая, у Белавіі паведамляюць пра арганізацыю вывазных рэйсаў 4 і 5 сакавіка. Паводле плану самалёт вылеціць з Мінска без пасажыраў і даставіць у Беларусь пасажыраў з Дубая.
Як піша тэлеграм-канал авіякампаніі, цяпер ідзе працэс атрымання дазволаў на выкананне гэтых рэйсаў.
3 сакавіка з Дубая вылецеў самалёт з 189 пасажырамі, у якіх былі авіябілеты на 28 лютага.
Борт B737-800 з рэгістрацыйным нумарам EW-455PA прыбыў у міжнародны аэрапорт у суботу раніцай 28 лютага, але выканаць зваротны рэйс у Мінск у той жа дзень ужо не змог з-за атак Ірана.