WSJ: Па Іране б'юць так, каб дапамагчы патэнцыйнаму паўстанню
- 4.03.2026, 14:03
- 2,044
Вайскоўцы ЗША і Ізраіля сканцэнтраваліся на ўдарах па іранскіх сілавіках
У першы дзень вайсковай аперацыі супраць Ірана прэзідэнт Дональд Трамп заклікаў іранскіх сілавікоў здавацца, абяцаючы ім у такім разе недатыкальнасць, а ў адваротным выпадку — смерць. Байцы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і іншыя ахоўнікі рэжыму аятолаў на гэта не пайшлі, і вайскоўцы ЗША і Ізраіля пачалі мэтава знішчаць іх кіраўнікоў і камандныя цэнтры, каб дапамагчы патэнцыйнаму паўстанню, піша The Wall Street Journal.
Сярод мэт ЗША і Ізраіля ў нядзелю апынулася штаб-кватэра КВІР «Саралла» ў Тэгеране, якая з'яўляецца цэнтральным звяном у сістэме падаўлення пратэстаў іранцаў. Падчас масавых дэманстрацый гэты штаб каардынуе разведку, паліцэйскія аперацыі і дзейнасць чальцоў ваенізаванага фармавання «Басідж», а таксама вядзе псіхалагічную вайну.
Акрамя таго, ізраільскія знішчальнікі нанеслі ўдары па штабе спецпадраздзяленняў іранскага паліцэйскага ўпраўлення, вядомага як «Фарадж», якое адказвае за падаўленне беспарадкаў і грамадзянскіх хваляванняў. Пазней Іран прызнаў смерць кіраўніка разведкі «Фарадж» Голамрэзы Рэзаяна. «Гэтыя органы неслі адказнасць, між іншым, за падаўленне пратэстаў супраць рэжыму з дапамогай гвалтоўных мер і арыштаў мірных жыхароў», — заяўлялі ізраільскія вайскоўцы. Таксама ЗША і Ізраіль атаквалі аб'екты сілавікоў у курдскіх раёнах заходняга Ірана, якія традыцыйна з'яўляюцца аплотамі антыўрадавых сіл.
Паводле праваабаронцаў з Hengaw Organization for Human Rights, у курдскім горадзе Сенендедж у панядзелак былі атакаваныя паліцэйскія ўчасткі і цэнтры ўтрымання пад вартай, кантраляваныя разведслужбамі і КВІР. Дзяржаўныя СМІ Ірана заяўлялі, што ўдары прыйшліся па жылых раёнах горада.
Іранскія сілы бяспекі падчас студзеньскіх пратэстаў разгортвалі вялікія сілы ў курдскіх раёнах і жорстка падаўлялі пратэсты ў Сенендеджы. У панядзелак КВІР разаслаў паведамленні мясцовым жыхарам з патрабаваннем паведамляць пра любыя перамяшчэнні зброі або пра любую ваенную актыўнасць, сцвярджае Hengaw, якая апублікавала адно з такіх паведамленняў.
Акрамя таго, 4 сакавіка ў ЦАХАЛ паведамілі, што былі нанесены ўдары «па дзясятках камандных цэнтраў… цэнтрах унутранай бяспекі і камандных пунктах «Басідж». Паводле даных Сіл абароны Ізраіля, гэтыя цэнтры «выкарыстоўваліся іранскім бокам для кантролю па ўсёй краіне і адсочвання агульнай абстаноўкі».
Наймасавыя за ўсю гісторыю Ісламскай Рэспублікі пратэсты ў Іране працягваліся з канца снежня. Выступленні ўспыхнулі на фоне рэкорднай інфляцыі і незадаволенасці эканамічнай сітуацыяй, але хутка перараслi ў маштабныя палітычныя пратэсты, якія ахапілі ўсе рэгіёны краіны. Улады жорстка падавілі рух, забіўшы, паводле ацэнак, ад 3,2 тыс. да больш як 30 тыс. чалавек.