У Беларусі зарэгістраваны «Ордэн меншых братоў капуцынаў»
- 4.03.2026, 0:59
Гэты манаскі ордэн быў заснаваны ў 1525 годзе.
Пра дзяржаўную рэгістрацыю рэлігійнай арганізацыі «Рымска-каталіцкая манаская супольнасць „Ордэн меншых братоў капуцынаў“» паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Адзначаецца, што 3 сакавіка намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя урачыста ўручыў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі брату Алегу Шэндзе OFMCap, вышэйшаму настаяцелю ордэна.
«Супольнасць братоў капуцынаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’яўляецца адной з самых маладых; яе прысутнасць на нашай зямлі пачалася ў 1938 годзе ў невялікай мясцовасці Пералом на Гродзеншчыне. Перыяд ваенных ліхалеццяў і пазнейшых пераследаў вытрымалі толькі двое капуцынаў, якія не былі святарамі. Дзякуючы вернасці свайму пакліканню і стараннаму служэнню ў няпростых абставінах, яны дачакаліся наступных пакліканняў, якія тады нараджаліся яшчэ ва ўмовах канспірацыі», — паведамляе партал.
У сакавіку 1997 года была ўтворана Віцэправінцыя Беларусі, апеку над якой ажыццяўляла Варшаўская правінцыя капуцынаў. У 2013 годзе Віцэправінцыя была рэарганізавана ў Кустодыю Беларусі.
Супольнасці капуцынаў пры каталіцкіх парафіях дзейнічаюць у аграгарадку Ліпнішкі (Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць), у Докшыцах (Віцебская), у Маладзечне і Смалявічах (Мінская), а таксама ў вёсцы Копішча Мінскага раёна.
З 2017 года Кустодыя апякуецца беларускімі капуцынамі ў Вільні, з 2024-га — у Варонежы (РФ).
«На рахунку беларускіх капуцынаў ёсць таксама некалькі гадоў місіянерскага служэння ў Габоне і Грузіі», — адзначае партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Ордэн меншых братоў капуцынаў — манаскі ордэн, заснаваны Матэа Басі ў 1525 годзе як галіна францішканскага ордэна. Зацверджаны ў 1528 годзе папам Кліментам VII.
Дзяржаўную перарэгістрацыю ў Беларусі прайшло 3 426 рэлігійных арганізацый, у выніку іх колькасць скарацілася на 4,6% (да перарэгістрацыі было 3 592), паведаміла 8 кастрычніка 2025 года ініцыятыва «Хрысціянская візія».